У Брэсце ўшанавалі памяць байцоў войска генерала Булак-Балаховіча

Каля 200 знічак запалілі сёння, 25 красавіка, актывісты на магілах жаўнераў войска генерала Булак-Балаховіча.

«Мы прыйшлі з сябрамі на Балахоўскія могілкі, каб ушанаваць памяць палеглых байцоў, да таго ж, сёння Радаўніца. Усяго мы запалілі ля 200 свечак», — распавёў сайту Pyx.by ініцыятар акцыі, сябра Руху «За Свабоду» Яўген Скрабутан.

Гэта важна, упэўнены актывіст, бо «не так шмат вядомых герояў, на якіх можна раўняцца, браць прыклад, а Булак-Балаховіч — адзін з іх». Скрабутан нагадаў, што генерал змагаўся з Чырвонай арміяй, а таксама з’яўляецца героям Эстоніі, якой ягонае войска дапамагло здабыць незалежнасць. «Пра гэта нічога невядома ў гісторыі сучаснай Беларусі», — дадаў актывіст Руху.

Па ягоных словах, Балахоўскія могілкі сёння фактычна забытыя ўсімі. «Не ведаю, чаму. Магілы, якім амаль па 100 год, — вельмі сакральныя», — адзначыў Скрабутан.


Ён падзякаваў за аднаўленне могілак Саюзу палякаў, мясцовым краязнаўцаў, а таксама адзначыў, што самі магілы дагледжаныя, хутчэй за ўсё, сіламі дзяржавы і маюць статус помніка.

«Наша задача ўзгадаваць герояў, ушаноўваць іх памяць, каб будучыя пакаленні мелі магчымасць на іх раўняцца, мелі добры прыклад», — заключыў Яўген Скрабутан.

Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч нарадзіўся ў 1883 г. на Браслаўшчыне. У першую сусветную камандаваў дыверсійным аддзелам царскага войска. Пасля служыў у Чырвонай Арміі, сышоў з яе і ваяваў супраць бальшавікоў у Эстоніі, перайшоў пад загад Ураду БНР. Пасля спынення баявых дзеянняў на польска-савецкім фронце, Булак-Балаховіч самастойна змагаўся з бальшавікамі, але быў вымушаны адступіць у Польшчу. У міжваенны час ён жыў у Белавежы, быў вядомы як антыкамуніст і антынацыст, напісаў кнігу беларускіх вершаў. Ён загінуў на пачатку другой сусветнай вайны ў Варшаве ад нямецкай кулі.

Фота Яўген Скрабец

pyx.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-04-26 13:47:20
Пра "подзвігі" балахоўцаў у пачатку 1920-х гг., для роздуму: http://belisrael.info/?p=9230
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: