У Брэсце стварылі дзяржаўна-грамадскую групу экалагічнага кантролю за акумулятарным заводам

29 сакавіка паведамленне пра стварэнне групы размешчанае на сайце Берасьцейскага аблвыканкаму, піша Свабода.

У паведамленні гаворыцца, што ў склад групы ўвайшло 10 чалавек. Гэта прадстаўнікі

- свабоднай эканамічнай зоны «Берасьце», дзе будуецца завод
- абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя абласной лабараторыі аналітычнага кантролю Рэспубліканскага цэнтру аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя
- Палескага аграрна-экалагічнага інстытуту Нацыянальнай акадэміі навук,
- Берасьцейскага райвыканкаму
- галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі
- галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама; прадпрыемства «Брэстводаканал».

Ад грамадскасці членам групы стаў дацэнт кафедры інжынернай экалогіі і хіміі Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэту Сяргей Басаў.

У паведамленні на сайце аблвыканкаму адзначаецца, што прапанову ўвайсці ў склад групы атрымалі старшыня ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму ў Берасцейскім раёне Ірына Сіліцкая і юрыст, праваабаронца Раман Кісьляк «з мэтай максімальна аператыўнага і аб’ектыўнага інфармаваньня грамадскасці аб выніках праведзеных маніторынгаў і прынятых групай рашэннях».

«Нягледзячы на дэклараваную заклапочанасць пытаннямі экалогіі і наступствамі будаўніцтва акумулятарнага заводу, Сіліцкая і Кісьляк адмовіліся ўвайсці ў склад групы», — адзначаецца ў паведамленні.

Як заявіў Раман Кісьляк, ён не бачыць сэнсу ўваходзіць у гэту групу. «Мы дамагаемся, каб гэты завод наогул не працаваў, а нам прапануюць назіраць, як ён будзе атручваць наш рэгіён», — сказаў праваабаронца.

Зацверджаны графік экалагічнага маніторынгу, якім прадугледжана правядзення штомесячных даследаванняў паветра, глебы, вады пітной (першы тыдзень месяца), паветра, глеб, сцёкавых вод (трэці тыдзень месяца).

Вынікі даследаванняў «будуць апэратыўна прадстаўлены насельніцтву вобласці з дапамогай электронных, друкаваных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: