У Быхаве хацелі перамагчы злачыннасць «сухім законам», а перамогуць статыстыкай

Разам з Мінскам забарону на начны продаж алкаголю збіраліся ўвесці яшчэ ў некалькіх рэгіёнах Беларусі.
Фота: news.yandex.by

Фота: news.yandex.by

Адным з іх мусіў стаць Быхаўскі раён — па інфармацыі Еўрарадыё, рашэнне пра начны “сухі закон” было прынятае 18 верасня, у той жа дзень, што і ў сталіцы. А набыць моц яно мусіла з 1 кастрычніка. І ўсё — ніякага алкаголю з 23 да 7!

У Магілёўскім аблвыканкаме неабходнасць забароны на гандаль алкаголем па начах тлумачылі тым, што ўсё больш злачынстваў у Быхаўскім раёне здзяйсняецца п’янымі людзьмі. Але цяпер, калі Аляксандр Лукашэнка выказаўся супраць забароны, намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкаму Вераніка Цітова спрабуе ўпэўніць Еўрарадыё, што… ніякага начнога “сухога закона” і не было!

Забарона не была ўведзеная, — распавядае чыноўніца. — Гэта была прапанова ўрада па ініцыятыве МУС, каб вызначыць рэгіён, дзе назіраецца найбольш неспрыяльная сітуацыя ў сэнсе праваахоўных органаў. Былі вызначаныя крытэрыі: гібель ў нецвярозым стане на пажарах, здзяйсненне злачынстваў ў алкагольным стане і іншыя. Атрымалася, што па іх гэта Быхаўскі раён. Таксама там ёсць гандлёвыя аб’екты, якія рэалізуюць алкаголь ноччу”.

Калі ў раёне сапраўды ўсё дрэнна, дык чаму, нягледзячы на станоўчыя вынікі грамадскага абмеркавання, гандаль алкаголем з 23 да 7 гадзін так і не забаранілі?

Вы ж разумееце, што рашэнне аб адмене абмежаванняў было прынятае на ўзроўні прэзідэнта. На той момант у нас гэтае рашэнне было ў межах падрыхтоўкі”, — апраўдваецца чыноўніца.

Крытыка, выказаная Лукашэнкам, раптам перамагла п’яную злачыннасць?

Паводле абласных уладаў, сёння ў Быхаўскім раёне шэсць гандлёвых кропак, якія прадаюць спіртныя напоі пасля 23 гадзін.


“Можа, міліцыя ў нас добра працуе”

У Быхаўскім райвыканкаме Еўрарадыё пацвердзілі, што забароны на гандаль у іх сёння няма. І ў той жа час аспрэчваюць, што на Быхаўшчыне самая дрэнная ў вобласці сітуацыя па “алкагольных” правапарушэннях.

Гэта спрэчнае пытанне, — кажа начальнік аддзела эканомікі Быхаўскага райвыканкама Аляксей Малашэнка. — Там пытанне было наконт колькасці пратаколаў агляду пра знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. Але, можа, міліцыя ў нас добра працуе, падазроных возяць на агляды. І тыя, хто раней трапляўся, трапіліся зноў”.

Чыноўнік дадае, што ў горадзе толькі дзве крамы, якія прадаюць спіртное пасля 23:00. І то, яны зачыняюцца апоўначы. А кругласутачных гандлёвых кропак, акрамя АЗС, у Быхаве няма.

Такім чынам, каб знізіць узровень “п’янай” злачыннасці на Быхаўшчыне, дастаткова... папрасіць міліцыянтаў складаць менш пратаколаў за распіванне? Шах і мат, статыстыка!


Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: