У цэнтры Кобрына адбыўся пікет у гонар 100-годдзя БНР

У цэнтры Кобрына на плошчы перад раёным Палацам культуры адбыўся пікет у гонар юбілея Беларускай Народнай Рэспублікі.

Санкцыянаваная мясцовымі ўладамі акцыя праходзіла з 11.00 да 15.00 пад гукі духоўнага гімну Беларусі “Магутны Божа” (словы Наталлі Арсеньевай, музыка Міколы Равенскага) у атачэнні бел-чырвона-белых сцягоў і святочнай атрыбутыкі. Удзельнікі пікету дарылі мінакам улётку-прысвячэнне гісторыі БНР і 100-годдзю аднаўлення незалежнасці Бацькаўшчыны.

У інтэрвью “Новаму Часу” заяўнік акцыі, мясцовы дэмакратычны актывіст Алесь Мех падкрэсліў, што “за стагоддзе глумлення над беларускай ідэяй наш беларускі народны адраджэнскі вызвольны рух не памер”. Сам факт таго, што ў цэнтры Кобрыну адбываецца пікет пад бел-чырвона-белымі сцягамі, сведчыць пра тое, што ідэя вольнай Бацькаўшчыны жыве і мы — на шляху да перамогі, калі беларуская дзяржава стане незалежнай па-сапраўднаму, зазначыў спадар Алесь.

Ён выказаў вялікую падзяку заснавальнікам БНФ “Адраджэньне”, у першую чаргу Зянону Пазьняку і Юрасю Хадыку, якія разам з свамі паплечнікамі дамагліся таго, каб на пачатку 1990-х гадоў Беларусь стала —незалежнай дэ-юрэ. “На жаль, сёння ў краіне бракуе палітыкаў такога ўзроўню”, — сказаў Алесь Мех.

На ягоную думку, галоўны напрамак працы павінен быць скіраваны на выхаванне духоўных каштоўнасцяў у сучаснай беларускай моладзі. А рабіць гэта можна праз адукацыю і культуру. Гаворка ідзе пра тое, каб дзеці добра ведалі родную і ангельскую мовы, а таксама айчынную гісторыю, каб школьныя праграмы і падручнікі адпавядалі сапраўднаму мінуламу Радзімы і сённяшняй рэчаіснасці. Вялікую ролю ў духоўным выхаванні моладзі могуць адыграць беларускія літаратары. Так, дакументальная кніга мясцовага пісьменніка Анатоля Брытуна пра лес ягонага дзеда “Сяліба” момантам разышлася па горадзе і даўно стала бібліяграфічнай рэдкасцю, бо грунтуецца на рэальных падзеях трагічнага мінулага краю.

Спадар Алесь звярнуў увагу на распаўсюд ведаў пра нацыянальную культуру беларусаў. Разам з жонкай Наталляй яны пашырылі экспазіцыю краязнаўчага музея ў Кобрынскай сярэдняй школе №7, каб адлюстраваць не толькі гісторыю края, але і Беларусі. Паколькі ж пры абароне горада ад нацыстаў з 14 па 17 верасня 1939 году загінула шмат жаўнераў Польскага войска і жыхароў Кобрына, Алесь Мех лічыць, што ў цэнтры месца павінен паўстаць мемарыял усім абаронцам Кобрыну пад час Другой сусветнай вайны, а не толькі ваярам Савецкай Арміі. 

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!