У цэнтры Віцебска знішчылі старадаўнія скляпенні

Рэшткі будынка, як мяркуецца XVIII стагоддзя, знойдзеныя пры пракладцы цеплатрасы на вуліцы Талстога ў Віцебску, знішчылі, нягледзячы на заяву мясцовых уладаў аб іх кансервацыі і вывучэнні.
Фота: Сяргей Серабро

Фота: Сяргей Серабро



Пра гэта паведамляе tut.by.

31 траўня на месцы скляпенняў, раскапаных насупраць Васкрасенскай царквы, ужо паклалі новыя трубы цеплатрасы. Пры гэтым знішчылі адкапаную 22 траўня цагляную сцяну невядомага будынка, як мяркуецца XVIII стагоддзя, які выступаў на вуліцу Талстога (былую Падвінскую).

Гарадская газета "Віцьбічы" заяўляла, што гэты археалагічны аб'ект, а таксама выяўлены крыху далей падмурак былой гасцініцы Брозі збіраюцца вывучыць і закансерваваць, а пасля гэтага закапаць.

Фота: Сяргей Серабро

Фота: Сяргей Серабро


Аднак праз тое месца, дзе знаходзіліся скляпеністыя канструкцыі будынка XVIII стагоддзя, прайшла новая галінка трубаправода цеплатрасы.

Нагадаем, 22 траўня падчас рэканструкцыі ўчастка цеплавых сетак на вуліцы Талстога ў Віцебску коўш экскаватара падняў на паверхню не толькі грунт і камяні, але і адкрыў сляды мінулага горада. Дзякуючы гэтаму ўдалося ўстанавіць дакладнае месца, дзе знаходзілася гасцініца Брозі, у якой жыла сям'я жонкі Марка Шагала.

Фота: Сяргей Серабро

Фота: Сяргей Серабро


Пасля таго як адкрыліся сцены старых будынкаў, спецыялісты Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі паведамілі мясцовай уладзе, што працы неабходна прыпыніць — для вывучэння гэтых аб'ектаў. Гэта зрабілі 23 траўня.

— Усе земляныя работы, якія прадугледжваюць умяшальніцтва ў культурны пласт, праходзяць у прысутнасці археолагаў. І такое назіранне праводзіцца тут з першага дня, — растлумачыў прадстаўнік Інстытута гісторыі НАН Аляксей Белавусаў. — Вядома, што гасцініца Брозі не прымыкала да будынка, дзе знаходзіцца банк. І траншэя для цеплатрасы як раз прайшла па гэтым праходзе, агаліўшы падмурак, падвалы былога будынка. На жаль, экскаватар зачапіў яго заходнюю сцяну, крыху пашкодзіўшы яе. Тым не менш убачанае дае дакладнае ўяўленне аб месцазнаходжанні былой гасцініцы: яна знаходзілася бліжэй да Віцьбы, чым меркавалася. І гэта — адкрыццё. Зараз вывучаем фрагменты, даследчы матэрыял дапаможа скласці дакладны план месца, які будзе важны для далейшых даследаванняў.

Земляныя працы на вуліцы Талстога аднавілі 28 траўня.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: