У Чарнігаве прайшоў вечар памяці Уладзіслава Ахроменкі (фота)

18 снежня, на саракавіны па Уладзіславу Ахроменку, Рух Салідарнасці "Разам" зладзіў у Чарнігаве ўшанаванне памяці гэтага вядомага беларускага дзеяча, пісьменніка, журналіста, даследчыка савецкіх рэпрэсіяў.

У горад, дзе ў апошнія дзесяцігоддзі жыў і працаваў Уладзіслаў, прыехалі сябры Руха з Менску, Гомелю, Кіева, да якіх далучыліся ўкраінскія літаратары і грамадскія дзеячы, паведамляе прэс-служба Руха Салідарнасці “Разам”.


У чарнігаўскім саборы св.Кацярыны святаром Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы а.Вікенціем і святаром Украінскай Праваслаўнай Царквы а. Яўгенам была адслужана паніхіда за спачын душы Уладзіслава. 

Круглы стол беларускіх і ўкраінскіх літаратараў пад назвай "Украіна — Беларусь: літаратурнае ўзаемадзеянне", прысвечаны памяці Уладзіслава Ахроменкі, вялі Максім Клімковіч, журналіст, пісьменнік, сааўтар Уладзіслава, і Дмытро Мамчур, украінскі пісьменнік і журналіст.

Сваімі ўспамінамі, словамі падзякі і пашаны да блізкага ім чалавека падзяліліся ўдава Уладзіслава Вольга Ахроменка і яго сябра Максім Клімковіч. Прагучалі выступы беларускіх паэтаў, бардаў Андрэя Мельнікава і Змітра Захарэвіча, а таксама беларускага паэта з Кіева Сяргея Прылуцкага. З украінскага боку ва ўшанаванні бралі ўдзел дырэктар "Радыё Свабода.FM" Олег Головатэнко, паэт і журналіст Олексій Маслов, паэт Васіль Рудэнко (Кіеў), чарнігаўскі грамадскі дзеяч Олександр Ясенчук. Падзякавала прысутных за шанаване памяці беларускага пісьменніка, беларускага нацыяналіста сустаршыня Руха Салідарнасці “Разам” Алена Талстая.

Апошнім слова ўзяў Вячаслаў Сіўчык, які падкрэсліў, што выступае як палітык. Ён асабліва адзначыў тую вялікую працу, якую здзяйсняў Уладзіслаў Ахроменка па даследванню архіваў КДБ і палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Акрамя Уладзіслава Ахроменкі і Леаніда Маракова, якога таксама ўжо няма, ніхто такі аб'ём працы не праводзіў. І тое, што Уладзіслаў так заўчасна і нечакана пакінуў гэты свет, ёсць рэхам той самай гібрыднай вайны супраць Украіны і Беларусі, пра якую казаў беларускі нацыяналіст Уладзіслаў Ахроменка падчас апошняга арганізаванага ім Круглага стала беларускіх і украінскіх літаратараў у Чарнігаве ў верасні гэтага году, напярэдадні IV З'езда Руха Салідарнасці "Разам".
Таксама Вячаслаў Сіўчык выказаў пажаданне, каб развіваліся супольныя беларуска-украінскія праекты, каб гучала беларускае слова з Чарнігава. "Тэма супрацы нашых братніх народаў, — тэма Уладзіслава Ахроменкі. Спадзяюся, што ў гонар беларускага пісьменніка, беларускага нацыяналіста ў Чарнігаве паўстане традыцыяй праводзіць форумы, круглыя сталы беларускіх і украінскіх творцаў", — сказаў напрыканцы Вячаслаў Сіўчык. —І, натуральна, гэты форум у Чарнігаве мусіць насіць імя Уладзіслава Ахроменкі".


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: