У Доўску адкрылі адноўлены крыж Памяці і ўдзячнасці (фота)

У Доўску на цвінтарнай зямлі Свята-Пакроўскай царквы адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленага крыжа Памяці і ўдзячнасці ад украінцаў, якіх мясцовыя жыхары ратавалі ад Галадамору 1932-1933 гадоў.

Драўляны крыж быў усталяваны ў 2003 годзе да 70-й гадавіны Галадамору, які ўкраінскія ўлады вызнаюць генацыдам украінскага народу. З часам ён прыйшоў у нягоднасць.

Зараз у Доўску ўсталявалі металічны крыж, аздоблены пяццю каласкамі, адзін з якіх надламаны. Гэта алюзія і на сумнавядомы закон "аб пяці каласах", на падставе якога людзей арыштоўвалі і адпраўлялі ў лагеры і на тое, што ва Украіне загінуў падчас галадамору кожны пяты жыхар.

У царкве айцец Георгій адслужыў малебен і асвяціў крыж Памяці і ўдзячнасці. Благачынны айцец Алексій падарыў украінскай дыяспары ў Беларусі ікону Багародзіцы.

На імпрэзе выступілі з прамовамі амбасадар Украіны Ігар Кізім, намеснік старшыні Рагачоўскага райвыканкама Павал Барадзінскі, старшыня ГА Цэнтр украінскай культуры "Січ" Валянціна Логвін.
Таксама на адкрыцці адноўленага крыжа былі першы сакратар амбасады Іван Башняк (які ўласна апекаваўся стварэннем, дастаўкай і ўсталяваннем металічнага крыжа Памяці), старшыня рэспубліканскага аб'яднання украінцаў "Ватра", пачэсны старшыня магілёўскага грамадскага аб'яднання украінцаў "Дніпро", наведнікі царквы, дзеткі з нядзельнай школы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: