«У дзеяннях быў самастойны». Асуджаны на 13 гадоў за наркотыкі спрабуе абскардзіць прысуд

Маладога чалавека асудзілі за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы, грунтуючыся на перапісцы, якую следчыя знайшлі ў яго тэлефоне толькі пасля затрымання.
Вадзіма Верташонка затрымалі 18 кастрычніка мінулага года на Мінскай кальцавой аўтадарозе і прад’явілі абвінавачванне па трэцяй частцы 328 артыкула — збыт наркатычных рэчываў у буйным памеры, або ў адносінах асабліва небяспечных наркатычных рэчываў, або ў пэўных месцах, або непаўнагадоваму.

«Ён знік у 14 гадзін. Я яму тэлефанавала, але ніхто не адказваў. А 20.30 мне патэлефанаваў следчы і сказаў: “Ваш муж затрыманы, ваш муж у нас”. На ўсе мае пытанні — за што і з кім размаўляю — атрымлівала адказ “Не важна”», — распавядае жонка Вадзіма Любоў.

Малады чалавек прызнаў віну часткова: ён зрабіў дзве закладкі — хацеў крыху зарабіць, каб заплаціць за крэдыт. Першапачаткова яго дзеянні траплялі пад трэцюю частку артыкула 328. Пакаранне па ёй прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад шасці да пятнаццаці гадоў са штрафам або без штрафу. Аднак у выніку 5 сакавіка Цэнтральны суд Мінска прызнаў Вадзіма Верташонка вінаватым і асудзіў па чацвёртай частцы 328 артыкула Крымінальнага кодэкса — збыт наркатычных рэчываў у складзе арганізаванай злачыннай групы (АЗГ), што караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці гадоў са штрафам або без штрафу. Малады чалавек атрымаў 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма і 300 базавых велічынь штрафу. З прысудам ён не згодны, падаў апеляцыйную скаргу і цяпер чакае суда па ёй у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Як распавяла «Новаму Часу» Любоў, па справе яе муж праходзіў адзін, адзін і быў асуджаны. У аснову абвінавачвання лягла перапіска з «неўстаноўленымі асобамі», якую следчыя прачыталі пасля таго, як Вадзіма затрымалі і забралі ў яго тэлефон. Пры гэтым у перапісцы не прасочваецца ніводная кваліфікацыйная прыкмета арганізаванай злачыннай групы, не фігуруе нават ніякая інтэрнэт-крама. Ні падчас папярэдняга следства, ні ў судовым пасяджэнні гэтыя таямнічыя асобы так і не былі ўстаноўленыя.

«Іх нават не спрабавалі ўстанавіць. На допыце следчы не запытваў нічога пра перапіскі. І ў апошні дзень прад'явіў абвінавачванне па чацвёртай частцы», — зазначае Любоў.

Падчас следчых мерапрыемстваў не былі ўстаноўлены і абставіны здзяйснення Вадзімам злачынства ў складзе арганізаванай групы.

Як піша ў апеляцыйнай скарзе сам Вадзім, падчас допыту ў судовым пасяджэнні ён неаднаразова зазначаў, што яго перапіска ў інтэрнэце з’яўляецца прыдуманай і не мае нічога агульнага з яго фактычнымі дзеяннямі ў рэальным жыцці. Яму ніхто не прапаноўваў уступаць у нейкія групы, не было ніякай гаворкі пра кіраўнікоў, падначаленых, структуру групы. У сваіх дзеяннях ён быў самастойным і ўсе рашэнні прымаў сам, таму казаць пра папярэднюю аб’яднанасць групы недарэчна.

У абвінаваўчым прысудзе падрабязна распісваюцца функцыі, за якія адказвалі іншыя неўстаноўленыя ўдзельнікі групы, але ўсе яны з’яўляюцца толькі меркаваннямі і не пацвярджаюцца матэрыяламі справы.  

«У мяне склалася ўражанне, што незалежнасць у нашай судовай сістэме зусім адсутнічае», — кажа жонка асуджанага.

Яна тлумачыць: суддзя на працэсе не быў зацікаўлены ва ўстанаўленні ісціны, час ад часу сядзеў у тэлефоне, не задаваў пытанні на ўдакладненне. Любоў кажа, што ёй стала страшна за будучыню, бо немагчыма абараніцца ад раўнадушша судовай сістэмы.

«Таксама здзівіла, наколькі абясцэнена чалавечае жыццё. Пакаранне несувымернае злачынству. Страшна, што можна проста выйсці з дому і не вярнуцца назад доўгі час. І нават самыя блізкія людзі не будуць ведаць, што з табой, і ў жаху будуць абтэлефаноўваць бальніцы і моргі».

У апеляцыйнай скарзе Вадзім нагадвае, што паводле артыкула 16 КПК Рэспублікі Беларусь сумневы ў абгрунтаванасці прад’яўленага абвінавачвання павінны тлумачыцца на карысць абвінавачанага, таму спадзяецца на змяненне прысуда і перакваліфікацыю яго дзеянняў з чацвёртай часткі на трэцюю 328 артыкула.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: