У дзень 30-годдзя «Прэсбола» выданне пакінуў вядучы хакейны аглядальнік

Сёння спаўняецца 30 гадоў самаму вядомаму спартыўнаму выданню Беларусі — газеце «Прэсбол». Аднак з медыя працягваюць сыходзіць журналісты.
Сёння звольніўся з «ПБ» Вячаслаў Федарэнкаў — вядучы хакейны аглядальнік, які з кароткімі перапынкамі працаваў у выданні 25 гадоў.

«От такая фігня, маляты... 01.08.2003 — 16.01.2021 з гадавым перапынкам на адлучку ў ФХБ. А калі з пазаштатай — наогул 24.03.1995 — 16.01.2021 (з гадавым жа перапынкам на войска). Разам — чвэрць стагоддзя. Думаю, «Прэсбол» мяне мала за што можа папракнуць. Шчыра аддаў газеце самае галоўнае —маладосць. Ды і я таксама не ўзгадаю «Прэсбол» благім словам. Здаецца, цяпер самы час яго проста памянуць...» — напісаў Федарэнкаў у фэйсбуку.

У мінулым годзе на фоне палітычных падзей у краіне «Прэсбол» сутыкнуўся з ціскам зверху, праз які выданне пачалі масава пакідаць журналісты і супрацоўнікі. Цягам года сышлі два галоўныя рэдактары, каля дзесяці журналістаў, спецыялісты вёрсткі. Па інфармацыі «Новага Часу» працэс сыходу супрацоўнікаў з «ПБ» яшчэ не скончаны.

Нагадаем, што 50 працэнтаў акцый «Прэсбола» належыць Беларускай федэрацыі футбола.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: