У Дзень маці — з новай зонай адпачынку

У Дзень маці, 14 кастрычніка, у пасёлку Птушкафабрыка Батчынскага сельсавету Кобрынскага раёну Берасцейшчыны пад час Свята пасёлку адкрылася зона адпачынку з сцэнай і навесам.

Яе стварылі Кобрынскае грамадскае аб’яднанне «Клуб дзелавых жанчын «Бона»» разам з Батчынскім сельсаветам і тутэйшымі жыхарамі ў рамках праекту «З клопатам пра блізкага».

Гэты праект падтрымалі Еўрапейская асацыяцыя мясцовай дэмакратыі ALDA (Страсбург, Францыя) і айчыннае асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Фонд імя Льва Сапегі» ў межах праграмы «Тандэм IV» («Устойлівая супраца няўрадавых арганізацый і мясцовых органаў улады для актывізацыі ўдзелу грамадзянаў у мясцовым самакіраванні і развіцці мясцовых супольнасцяў у Рэспубліцы Беларусь»).

Удзельнікаў свята віталі старшыня клубу «Бона» Ала Сапяжынская і яе намесніца, каардынатарка праекту Алёна Мезенцава.
Прамаўляе Алёна Мезенцава

Прамаўляе Алёна Мезенцава

Яны адзначылі вялікі ўнёсак ва ўзвядзенне зоны адпачынку старшыні Батчынскага сельсавету Святланы Гангалы, старасты пасёлку Птушкафабрыка Таццяны Камінскай, тутэйшых жыхароў Сяргея Хількевіча, Алеся Біча, Васіля Антанюка, Яўгена Новіка. Паўла Кардзялюка, Міколы Блядая, Аляксея Паляцілы, Анатоля Радзько і Сяргея Філіманюка, уручылі ім падзякі і падарункі — друкаваныя каляндары з здымкамі працэсу будаўніцтва зоны адпачынку, а таксама бейсболкі з лагатыпам праекту.

На крытай сцэне з навесам мяркуецца праводзіць дзяржаўныя і традыцыйныя народныя каляндарныя святы, спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты і творчыя сустрэчы, а таксама выкарыстоўваць гэты аб’ект для працы летняга кінатэатру.
Новая зона адпачынку — толькі частка праекту «З клопатам пра блізкага». Наперадзе — стварэнне ў шэрагу населеных пунктаў сельсавету (вёсках Андронава, Батчы, Літвінкі, Паляцічы і Шыповічы, катэджавым пасёлку Фруктовым) 11 крытых прыпыначных пунктаў для чакання аўтакрамаў і пляцовак камунікацыі мясцовых жыхароў — у асноўным людзей паджылога ўзросту.

Старшыня Батчынскага сельсавету Святлана Гангала ўручыла падарункі старэйшым жанчынам сельсавету і толькі народжаным яго жыхарам, шматдзетным маці і гаспадарам найлепш дагледжаных панадворкаў, а таксама актывістам узвядзення зоны адпачынку.  
Святлана Гангала узнагароджвае актывістаў узвядзення зоны адпачынку

Святлана Гангала узнагароджвае актывістаў узвядзення зоны адпачынку

Завяршылася свята выступамі мясцовых талентаў, у тым ліку калектыву Кобрынскага раённага палаца культуры, народнага хору «Палескія перазвоны» пад кіраўніцтвам Ганны Нічыпарук (музыкі — Валянціна Асаёнак і Віктар Шахалевіч).
Спявае народны хор «Палескія перазвоны»

Спявае народны хор «Палескія перазвоны»

Трэба зазначыць, што новая зона адпачынку месціцца каля спартова-гульнявой пляцоўкі «Выспа дзяцінства», створанай летась клубам «Бона» разам з Батчынскім сельсаветам і тутэйшымі жыхарамі пры падтрымцы Кобрынскага райвыканкаму, прадпрыемстваў і ўстановаў гораду ў рамках праграмы «Тандэм-III», ініцыяванай «Фондам імя Льва Сапегі» разам з Еўракамісіяй і Еўрапейскай асацыяцыяй мясцовай дэмакратыі ALDA.
 «Выспа дзяцінства» працуе на нашых нашчадкаў  

Пасля ўзвядзення «Выспы дзяцінства» мясцовыя жыхары з сваёй ініцыятывы папоўнілі спартова-гульнявую пляцоўку адмысловым куфрам для захавання лялек, драўляным караблём з паласою перашкодаў і арэлямі для дарослых, а таксама пачысцілі суседні вадаём і запусцілі туды малькоў рыбы…
Вось што ўзвялі мяцовыя жыхары пасля адкрыцця «Выспы дзяцінства»

Вось так зрабілі — па-гаспадарску! За ўсё гэта вялікі дзякуй жыхарам пасёлку Птушкафабрыка.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!