У фразе «шизоидные речи параноика» ўлады пазналі ведаеце каго? І судзяць за яго абразу пенсіянерку

Суд паводле артыкула 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» абвешчаны закрытым.


Як ўдалося даведацца «Палескай Вясне», у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» яшчэ ў лютым мазырская пенсіянерка Тамара Шалупанава змясціла каментар. Зрабіла яна гэта пад допісам, у якім карыстальнік з нікам «Анатолий Скрипко» ўсхваляў прамову Лукашэнкі на так званым Усебеларускім народным сходзе і параўноўваў яе з выступамі Святланы Ціханоўскай, называючы апошнюю «блыхой на Мосьцы» — з вядомай байкі расійскага пісьменніка Крылова.

«А ты – вошь прикорытная на гребешке, если тебе нравятся шизоидные речи параноика. Только д…(чалавек з разумовай адсталасцю. — ПВ), как ты, может слушать этот бред сивой кобылы», — напісала тады Тамара Шалупанава.

Далей у спрэчцы ўжо сам «Анатолий Скрипко» пачаў пісаць абразлівыя выказванні на адрас Шалупанавай. Відаць, таму, пра асабістую абразу ён нікуды заяў не падаваў. Але данёс куды трэба пра тое, што мазырская пенсіянерка няўхвальна выказалася на адрас Лукашэнкі.

І менавіта за той каментар супраць Тамары Шалупанавай завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Пакаранні, якія прадугледжаныя гэтай часткай артыкула, — штраф, папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, арышт, абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў альбо пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

15 чэрвеня ў судзе Мазырскага раёна пачалося судовае пасяджэнне па гэтай справе. Разглядае справу суддзя Валянціна Новікава. З невядомых прычын суд зрабілі закрытым.

Паводле інфармацыі, якой валодае «Палеская Вясна», у выніку першага пасяджэння пракурорка запрасіла для пенсіянеркі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на паўтара годв без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і канфіскацыю кампутара як прылады злачынства.

Абвяшчэнне прысуду мае адбыцца у чацвер, 17 чэрвеня.  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: