У футбольным клубе «Энергетык» «карона» у 9 гульцоў і трэнераў. Але федэрацыя адмовілася пераносіць іх матч

«Беларуская федэрацыя футболу» адмовіла мінскаму клубу «Энергетык»-БДУ ў пераносе матча 26-га туру супраць брэсцкага «Дынама», запланаванага на 17 кастрычніка.

Раней адміністрацыя студэнцкай каманды накіравала ліст у федэрацыю з просьбай перанесці сустрэчу, паколькі асноўныя гульцы «Энергетыка» захварэлі на каронавірус і не змогуць дапамагчы ў важнай гульні з гледзішча месца ў турнірнай табліцы.

Адзначаецца, што пасля тэставання 11 кастрычніка выяўлена: два трэнеры і сем футбалістаў інфікаваныя вірусам COVID-19. Гэта настаўнікі Уладзімір Бяляўскі і Сяргей Амельянчук, а таксама гульцы Арцём Макаўчык, Айк Мусаханян, Аляксей Лаўрык, Максім Амельянчук, Аляксандр Булычаў, Бабір Абдыхалікаў, Шахзадбек Убайдулаеў.

«Беларуская федэрацыя футболу» ўвесну 2020 года пэўны час была адзінай у свеце, якая не адмяніла праз пандэмію COVID-19 аніводнай сустрэчы, а на трыбуны доўгі час дапускалі гледачоў без масак.

Старшыня федэрацыі Уладзімір Базанаў дагэтуль упэўнены, што гэта падняла прэстыж айчыннага футболу, паколькі трансляцыі глядзелі далёка за мяжой. Праўда, калі аднавіліся турніры ў іншых краінах, інтарэс да Беларусі адразу ж знік.

Тым часам «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці» абнародаваў справаздачу, у якой выкладзеныя факты пераследу гульцоў за іх погляды, палітычнай агітацыі з боку кіраўніцтва «Беларускай федэрацыі футболу» і іншых парушэнняў статута міжнародных арганізацый, у якія ўваходзіць беларуская федэрацыя.

УЕФА і ФІФА на атрыманую інфармацыю пакуль што не адрэагавалі.

Паводле «Свабоды».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: