У Гародні «Велашкола» навучыць карыстацца роварам

Грамадскае аб’яднанне раварыстаў «ВелаГродна» у межах ініцыятывы «Ад каманднай гонкі да агульнай мэты» запусціла  навучальны курс для пачаткоўцаў «Велашкола». Гэтая школка разлічана на пачаткоўцаў розных узростаў.
На працягу трох заняткаў з дапамогай трэнера жыхары Гародні змогуць «з нуля» навучыцца ездзіць на ровары. Пра адметнасць навучання распавядае кіраўніца «ВелаГродна» і выкладчыца школкі Юлія Каляда:

— Для таго, каб навучыць ездзіць на ровары тых людзей, якія яшчэ не ўмеюць ездзіць. Мы пакуль не бярэмся трэніравацца ў асобных відах спорту, у велаэкстрыме, галоўнае, мы набіраем групу з тых, хто не навучыўся нават круціць педалі. Цікавае і тое, што мы навучаем людзей рознага ўзросту. Да нас прыходзяць і дзеці. Пакуль мы вучым дзяцей ад 5-6 гадоў. Але як толькі з’явяцца маленькія ровары, зможам браць і малодшых дзяцей. Таксама да нас прыходзяць дарослыя, пенсіянеры прыходзяць.


Для некаторых навучэнцаў заняткі ў «Велашколе»  былі першай спробай праехацца на ровары:

— Навучыцца аказалася няцяжка, але ж патрэбная практыка. У дзяцінстве я каталася, але падала. Цяпер не падаю і спадзяюся, што і далей буду ездзіць.

— Я сама сюды прыйшла з дачкой. Я сёння навучылася катацца. Было страшна, бо вельмі баялася ўпасці і штосьці сабе пашкодзіць. Але ўсё атрымалася.


Ініцыятыва «Велашкола» рэалізуецца ў у Гародні ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» («БЕЛМЕД»), што фінансуецца Еўрапейскім Звязам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.


Паводле racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць