«У гэты самы час народжаным сляпымі вяртаюцца вочы...»

Я ўжо хацеў улегчыся ў стакане Бараўлянскага РУУС спаць, як у камеру закінулі папаўненне – дзецюка майго веку, трохі пад градусам. Я падумаў: "Супер, вось ён электарат самаабвешчанага! Вось цяпер я зразумею, што яны ад нас хочуць?!"

– Сямейны скандал? – Так, – "Клас! – падумаў я ізноў, аж сон адбіла!" – Жонка здала? – Не, маці. – Буяніў? – Ды не, бутэлькі размалёўваў. – Якія бутэлькі? – Шампанскага. – І навошта яны табе? – Кліент папрасіў. – І шо ты там маляваў? – Сцяг бел-чырвона-белы. – Сцяг?! – прыўстаў я. – Сцяг! – горда адказаў той, – і гэта, – паказаў рукамі сардэчка, кулак і вікторыю. – А маці ў мяне "ябацька", дык пачалі мы зноў сварыцца і яна міліцыю выклікала. "Во це і трохпрацэнтны", – з расчараваннем падумаў я і паставіў сабе задачу працягнуць пошукі, а сукамернік гэтым часам зацягнуў: "Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах, успомню Вострую Браму святую і ваякаў на грозных канях!.."

У 4-мясцовую камеру ІЧУ Мінскага раёну мяне закінулі ўжо за поўнач. У ёй было два арыштанты: у аднаго 18 турэмных гадоў за плячыма, у другога – пару, абодва – падазраваныя па крыміналках. – За што? – не вылазячы з-пад коўдры запытаў самы сядзелец. – За Курапаты. – Стаіце там яшчэ? – Стаім. – І што там? – У кабак жраць ездзяць. – Як там жраць можна, там жа людзей забівалі? – здзівіўся зэк і падняўшыся прысеў на нару. Здзівіўся і я: чалавек, які палову свядомага жыцця катаўся па зонах, лепш бачыць за тых, хто яго ў гэтыя зоны садзіў. Мы пра тое-сёе пагаманілі, зэкі разоў пяць закурылі маленькую камеру і перад сном самы сядзелец узняў кулак і гукнуў сукамерніку: – Жыве Беларусь! – Жыве! – адказаў той і абодва заваліліся спаць. "Афігець!.." – падумаў я і палез на нару.

Пасля адбою ў 8-мясцовую камеру да змагароў зайшоў дзяцюк гадоў 35-ці і на роспыты адказаў, што пасадзілі яго быццам бы за п'янае брыдкаслоўе на вуліцы. Адарваўшыся ад кнігі, я глянуў на хлапака і здзівіўся – надта ўжо прыстойна і акуратна ён выглядаў, каб апынуцца п'яным дэбашырам. Высветлілася, што хлопец працуе ветэрынарам, а ў суседнім калгасе скралі нейкае дарагое вэтэрынарскае абсталяванне. А як нехта паказаў на яго, то кіраўнік крымінальнага вышуку Бараўлянскага РУУС ветэрынара пад ноч проста з хаты і прыхапіў. Але прад'явіць чалавеку не было што і ён пачаў абурацца, чым раззлаваў міліцэйскага начальніка і той, дадзенай самазванцам уладай, абвесціў: "Як ты такі борзы, то пасядзіш трохі! Выбірай за што сядзець будзеш: за сцяг ці за мацяршчыну?" – Які такі сцяг? – здзівіўся небарака. – Не кажы толькі, што на мітынгі не хадзіў? – хмыкнуў шакал. – Ну хадзіў, мама прасіла схадзіць з ёй, дык мы разам і былі. – Ну дык вось і сядзеш! Мы ўсіх пасадзім! Кожную камеру прагледзім! Кожную морду ўстановім!

Гледзячы на ўсё гэта я па-іншаму чытаў на нарах словы Ісуса Хрыста пасля таго, як Ён адкрыў вочы ад нараджэння сляпому: "На суд прыйшоў Я ў свет гэты, каб тыя, што не бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, зрабіліся сляпыя". Дзве тысячы год таму святары – самыя адукаваныя Ісусавы суайчыннікі – абурыліся праўдзе: "Няўжо і мы сляпыя?!" На што Ён ім адказваў: "Калі б вы былі сляпыя, не мелі б грэху. Але цяпер вы кажаце, што бачыце, таму грэх ваш застаецца на вас".

Тысячы настаўнікаў, якія чвэрць стагоддзя фальсіфікуюць выбары; тысячы суддзяў, якія чвэрць стагоддзя чыняць прадажны суд; тысячы супрацоўнікаў "праваахоўчых" органаў, якія чвэрць стагоддзя ілжэсведчаць і б'юць; і што самае страшнае, тысячы святароў, якія маўчаць – усе яны кажуць, што бачаць, хоць насамрэч сляпейшыя за апошняга зэка з 20-гадовым стажам. Глядзяць на сфальсіфікаваныя выбары і кажуць: "80% за Бацьку хлусні". Глядзяць на нявінна затрыманых і кажуць: "15 сутак" ці "3 гады калоніі". Глядзяць на збітых і без віны асуджаных і кажуць: "Мы ні пры чым – наша местажыцельства на небе".

І калі б яны былі сляпыя, то не мелі б грэху. Але ж яны кажуць, што бачаць – і злычынства іхняе застаецца на іх. У гэты самы час народжаным сляпымі вяртаюцца вочы. І гэта ёсць сведчаннем, што сёння на суд Ён прыйшоў у Беларусь, каб тыя, што бачаць аслеплі, а тыя, што былі сляпымі – убачылі.

facebook.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: