У Гомеле судзілі глуханямога за тое, што той «гучна выкрыкваў лозунгі»

Суд Чыгуначнага раёну Гомеля 16 верасня апраўдаў 23-гадовага Аляксандра, які з'яўляецца інвалідам па слыху. Па версіі міліцыі, ён «актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, гучна выкрыкваў лозунгі», піша Свабода.


Суд палічыў віну Аляксандра недаказанай.

Пра затрыманне і суд распавяла маці Аляксандра — сам ён мала і блага размаўляе.

Маладога чалавека затрымаў і збіў АМАП яшчэ 12 жніўня.

«Саша сядзеў на прыпынку, чакаў аўтобус. Прыехаў аўтобус і разам з ім — аўтазак. Саша ўжо ўваходзіў у аўтобус, як яго адтуль выхапілі амапаўцы і пацягнулі ў аўтазак. Ён паказваў на слыхавы апарат, што не чуе, спрабаваў нешта хоць патлумачыць, але яго пачалі біць — па нагах, па ілбе... Потым былі сінякі, і на спіне таксама», — распавяла маці.

У той вечар тэлефон Сашы быў недасяжны, маці спалохалася і пачала яго шукаць. Знайшла ў Чыгуначным РАУС.

«Потым Саша распавёў што яго ставілі на калені ў аўтазаку. Не дазвалялі ўздымаць галаву, калі паклалі тварам долу ў РАУС. А яго нельга біць! У яго сэрца хворае, зрок благі і слых. Ён рэшту слыху можа страціць, калі яго ўдарыць», — кажа маці.

Яна расказвае, што моцна перахвалявалася ў той вечар і ноч.

«Плакала ў РАУС, на каленях амаль прасіла, каб яго адпусцілі, бо ён жа без перакладчыка не разумее нічога. Яны не мелі права яго дапытваць. Ды і што ён мог сказаць, калі блага гаворыць — толькі я яго разумею?!», — кажа жыхарка Гомля.

Яна не звярталася са скаргамі ў Следчы камітэт ці міліцыю: «Мне тады не да таго было».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: