У Гомелі 15 сутак адбывае блогер Іван Рамязоўскі

У Гомелі на 15 сутак асуджаны youtube-блогер Іван Рамязоўскі (канал Real Belarus). Як стала вядома праваабаронцам, выйсці на волю ён мусіць 23 траўня.
Іван Рамязоўскі. Фота з "Вконтакте"

Іван Рамязоўскі. Фота з "Вконтакте"

Іван рабіў стрым на акцыі ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага сёмага траўня і быў затрыманы разам з іншымі. Позна ўвечары яго, як і амаль усіх астатніх затрыманых, адпусцілі, аднак затрымалі зноў на наступны дзень. Суд адбыўся альбо ў пятніцу восьмага траўня, альбо ў панядзелак 11-га. Увесь гэты час Рамязоўскі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

У ІЧУ доўга адмаўлялі той факт, што блогер знаходзіцца ў іх. Толькі калі мясцовыя актывісты прыйшлі ў апорны пункт з намерам напісаць заяву аб знікненні Івана, міліцыянт патэлефанаваў у ІЧУ, і ўжо яму пацвердзілі, што Іван адбывае там свой арышт.

Нагадаем, што таксама ў ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі зараз знаходзяцца як мінімум тры чалавекі, якія адбываюць адміністрацыйны арышт на палітычна матываваных падставах. Гэта блогер Сяргей Ціханоўскі, якога адправілі адбываць 15-сутачнае пакаранне за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй, Аляксей Саламашэнка, арыштаваны на 15 сутак за ўдзел у акцыі па "кармленні галубоў, і Юрый Уласаў, які адбывае такі ж тэрмін за акцыю сёмага траўня ў падтрымку Ціханоўскага.

Усім ім можна дасылаць лісты і паштоўкі падтрымкі на адрас:

Ізалятар часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама, вуліца Міжгародняя, 26, г. Гомель, 246012

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: