У Гомелі абласны суд адмяніў адразу два арышты за маршы

Абласны суд у Гомелі адмяніў два адміністрацыйныя арышты. Адзін з іх заменены на штраф, у другім выпадку справа накіраваная на новы разгляд, паведамляе «Гомельская вясна».

ПСямён і Вольга Сілівончыкі. Фота Леанід Судаленка


16 жніўня Сямён Сілівончык з жонкай Вольгай узялі ўдзел у вулічным шэсці ў Гомелі, якое скончылася мітынгам на плошчы Леніна. Праз два месяцы, 16 кастрычніка мужа і жонку выклікалі ў суд Навабеліцкага раёна, дзе суддзі Дар’я Аскерка і Арцём Манжос далі ім па 10 сутак арышту кожнаму.

Але адразу ў ІЧУ Сямёна і Вольгу не адправілі і ў іх быў шанец на абскарджанне прысуду.

Пазней іх абодвух звольнілі з працы (муж і жонка працавалі ў Гомельскім аддзяленні Беларускай чыгункі).

2 снежня суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка адмяніў 10-суткавы арышт Сямёну, замяніўшы яго на штраф у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Пастанову суда аб арышце Вольгі Сілівончык адмяніў і адправіў на дапрацоўку абласны суддзя Васіль Бягун.

«Асоба В. Сілівончык суддзёй вывучана вельмі павярхоўна і звесткі пра яе не ўлічаныя пры накладанні спагнання. Яна раней не прыцягвалася да адказнасці, адсутнічаюць па справе абцяжваючыя абставіны. Суддзя, прызначыўшы ёй практычна максімальнае спагнанне, ніяк не матываваў гэта ў пастанове» — такі вердыкт суда другой інстанцыі.

Праваабаронца Леанід Судаленка перакананы, што пасля такіх рашэнняў новага арышту ўжо дакладна не будзе. Ён таксама адзначыў, што гэта першы выпадак у поствыбарны перыяд, калі абласны суд адмяніў арышт, замяніўшы яго штрафам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: