У Гомелі дзяўчыну затрымалі за бела-чырвоны парасон і зламалі яго. Бацькі паскардзіліся ва УУС. І атрымалі адказ

У канцы кастрычніка гамяльчанку затрымаў АМАП за бела-чырвоны парасон. Дзяўчыне тады не было 18, бацькі напісалі ліст ва УУС і папрасілі разабрацца ў сітуацыі. На днях сям'я атрымала адказ і распавяла падрабязнасці «Моцным Навінам».



Гамяльчанка Анастасія вучыцца ў адным з каледжаў. Кастрычніцкім вечарам дзяўчына ішла дадому па праспекце Леніна з бела-чырвоным парасонам. Яе раптам зацягнулі ў аўтазак, зламалі парасон, а супрацоўнікі АМАПу пагражалі і размаўлялі мацюкамі. Па словах Анастасіі, невядомы мужчына паклаў ёй пакет у кішэню, загадаў не чапаць і пагражаў, што «за гэта» яна можа «сесці». Пасля гутаркі ў РАУС Насцю адпусцілі з пратаколам апытання, там было напісана, што яна ні ў чым не ўдзельнічала. Пазней прыйшоў ліст: адміністрацыйную справу не заводзілі.


«Выдача дазволаў на парасоны не адносіцца да кампетэнцыі органаў унутраных спраў»

29 кастрычніка мама дзяўчыны напісала ліст на імя начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама. У ім распавяла пра выпадак з невядомым і пакетам, папрасіла прыцягнуць вінаватых да адміністрацыйнай адказнасці за "наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці" — зламаны парасон, а таксама правесці гутарку з супрацоўнікамі АМАПа, што недапушчальна лаяцца матам, пагражаць непаўналетнім і псіхалагічна ціснуць на іх.

Праз месяц прыйшоў адказ з УУС. У ім пазначана: падчас праверкі інфармацыя, што супрацоўнікі АМАПу зламалі парасон і груба паводзілі сябе з непаўналетняй, не пацвердзілася. А "выдача дазволаў на прадметы не абмежаваныя ў абароце, у тым ліку парасоны, не адносяцца да кампетэнцыі органаў унутраных спраў".

— Абскардзіць гэты адказ мы не будзем. Нас задаволіла тое, што міліцыя прызнала сваю некампетэнтнасць ў выбары колеру парасонаў, — кажа Анастасія. — Праўда, не разумею, да чаго тут пра парадак правядзення масавых мерапрыемстваў. Мы прыклалі і ліст з Цэнтральнага РАУС, дзе пазначана, што я ні ў чым не ўдзельнічала.

"Маме тэлефанавала мая куратарка і казала быць асцярожней: студэнты — самая неабароненая частка насельніцтва»

Хоць прэтэнзій у міліцыі да Насці няма і на каледж, наколькі ёй вядома, не прыходзілі ніякія паперы, з'явілася павышаная ўвага ад сацыяльнага педагога.

— Выклікае мяне падчас вучобы на незразумелыя гутаркі, патрабуе не браць з сабой тэлефон. Размовы аб маёй грамадзянскай пазіцыі ўжо насцярожваюць. Сказалі, перажываюць, што я тут вучуся — не за мяне хвалююцца, а за каледж, вядома. Прагучала цікавая фраза: "Ну, я за табой сачу". Потым сацпед рэзка пачала апраўдвацца, што ў добрым сэнсе.

Яшчэ калі я апублікавала першы ліст у сваім інстаграме, тэлефанавала маме куратар і казала, што я вельмі актыўная ў сацыяльных сетках, трэба быць асцярожней: студэнты — самая неабароненая частка насельніцтва. [Намёк, што] могуць адлічыць. На што мама адказала, што гэта не самае страшнае — студэнтаў могуць карміць і апранаць бацькі, а навучальных устаноў у краіне шмат.

Сама Насця за вучобу хвалюецца, але, кажа, "не занадта". Больш трывожыць іншае пытанне:

— Я магу паступіць у іншае месца ў наступным годзе. Але вельмі небяспечна адчуваю сябе ў каледжы, бо з-за майго меркавання да мяне ставяцца інакш, чым да іншых навучэнцам, і гэта відаць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: