У Гомелі міліцыя затрымала ўдзельнікаў акцыі падтрымкі Сяргея Ціханоўскага

Каля сарака чалавек сабраліся ў Гомелі на плошчы Леніна на акцыю падтрымкі арыштаванага блогера Сяргея Ціханоўскага. Людзі скандавалі «Стоп таракан, но пасаран!», паведамляе «Свабода».



Акцыя ў Гомелі ў падтрымку Ціханоўскага за секунду да затрыманняў

 «Стоп таракан» — слоган анлайн-супольнасці «Страна для жизни», якую арганізаваў Сяргей Ціханоўскі.

Праз 35 хвілін пасля пачатку акцыі ўдзельнікаў пачалі затрымліваць супрацоўнікі АМАП. Агулам пакуль вядома пра 20 затрыманых.

6 траўня Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы пад Магілёвам супрацоўнікамі АМАП. Яго перавезлі ў гомельскі ізалятар часовага ўтрымання. На ягоным канале «Страна для жизни» з’явіўся ягоны зварот пра тое, што ён мае намер стаць кандыдатам у прэзідэнты.

Падтрымаць Ціханоўскага прыехалі людзі з Чачэрску і Жлобіна. Падчас акцыі на плошчы Леніна гучна ўключылі музыку, якая заглушала прамовы. Удзельнікі акцыі заклікалі дасылаць блогеру ў ІЧУ лісты і паштоўкі.

Грамадскі актывіст Юрый Уласаў выказаўся, што «Сяргей — ідэальны прэзідэнт, ён не з сістэмы, прадпрымальнік, зарабляў грошы сваімі мазгамі, яго варта падтрымліваць». Ён прапаноўваў арганізоўваць ініцыятыўныя групы, якія гатовыя «рэальна працаваць», збіраць подпісы, займацца рэкламнымі матэрыяламі.

«Варта змяняць заканадаўства, у тым ліку Выбарчы кодэкс, варта нам усім аб’ядноўвацца. Ціханоўскі — гэта як брэнд, як напрамак нашага сённяшняга жыцця», — сказаў Юрый Уласаў.

На акцыю прыйшлі міліцыянты, якія папярэджвалі праз гукаўзмацняльнік: «Паважаныя грамадзяне, ваша акцыя незаконная».

У адказ удзельнікі крычалі: «Стоп таракан! Но пасаран!». Пасля з’яўлення міліцыі людзі пачалі разыходзіцца.

Акцыя працягвалася каля 35 хвілін.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: