У Гомелі на мірнай акцыі амапавец штурхнуў жанчыну — яна зламала нагу

Учора ў Гомелі падчас мірнай акцыі, калі сілавікі пачалі выціскаць пратэстуючых з цырка, супрацоўнік АМАПу штурхнуў 48-гадовую жанчыну, зламаўшы ёй нагу. Вольга звязалася з рэдакцыяй «Моцных Навін» і распавяла, што адбылося ў той дзень.
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У нядзелю жанчыне знялі гіпс з нагі, таму хутка хадзіць яна не магла. Аднак, калі АМАП пайшоў на людзей, пратэстоўцы пачалі адступаць у бок танка, жанчыну нагналі сілавікі. «Праходзьце хутчэй», — сказалі яны. Жанчына спрабавала растлумачыць, што хутчэй ісці яна не ў стане, што ёй толькі-толькі знялі гіпс з нагі, але гэта не спрацавала. «Я казала гэта гучна, яны чулі. "Я табе зараз i другую зламаю", — пагражаў супрацоўнік. Адзін з іх падскочыў ззаду і штурхнуў раз-другі. Пасля гэтага я падвярнула нагу, яна храбуснула — і зноўку пералом», — распавядае Вольга.

Жанчына звярнулася па дапамогу ў траўмапункт, дзе выдалі даведку з дыягназам «закрыты пералом».

Вольга напісала заяву ў РАУС Цэнтральнага раёна з просьбай прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка АМАПу, які, нецэнзурна выказваючыся, штурхнуў яе ў спіну, у выніку чаго ў жанчыны аказалася зламаная нага. Сёння яна мае намер падаць такія ж заявы ў Следчы камітэт і пракуратуру.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: