У Гомелі пасля з'яўлення здымкаў са сцягамі каля адміністрацыі раёнаў прайшлі затрыманні

На працягу дня 22 кастрычніка ў Навабеліцкім раёне Гомеля затрымалі і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання не менш як восем чалавек, перадае Радыё Сабода са спасылкай на БелаПАН.
Фота на фоне адміністрацыі Савецкага раёна

Фота на фоне адміністрацыі Савецкага раёна

Раніцай 22 кастрычніка ў мясцовых тэлеграм-чатах з'явілася фатаграфія, на якой невядомыя стаялі з бел-чырвона-белымі сцягамі на фоне адміністрацыі Навабеліцкага раёна.


«Пасля гэтага па раёне пачалася аблава. Міліцыя забірала, можа, і не тых, хто фатаграфаваўся са сцягам, а тых, хто ўжо трапляў у поле зроку органаў», — паведаміла БелаПАН сваячка адной з затрыманых.

Вядома, што ў ІЧУ трапіла Таццяна Бачурная — яна адна выхоўвае малалетняе дзіця, і ў верасні яе затрымлівалі і судзілі за збор подпісаў у падтрымку адклiкання дэпутата Палаты прадстаўнікоў Вольгі Крэч. Тады пасля праведзеных у ізалятары выходных яна атрымала штраф.

Сярод затрыманых яшчэ дзьве жанчыны і пяць мужчын. Усе яны жывуць у Навабеліцкім раёне.

Таксама 22 кастрычніка ў гомельскіх тэлеграм-чатах з'явіўся здымак, на якім невядомыя стаяць з бел-чырвона-белымі сцягамі на фоне адміністрацыі Савецкага раёна.

У ноч на 22 кастрычніка ў раёне было затрымана некалькі чалавек, у тым ліку Станіслаў Мачалаў. Суд арыштаваў яго на 15 сутак, прызнаўшы вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу (фатаграфаванне з бел-чырвона-белым сцягам ля будынка адміністрацыі) і непадпарадкаванні міліцыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: