У Гомелі і Мінску пацверджаны новыя выпадкі каронавіруса COVID-19

Зараз хворы на яго ў інфекцыйнай лякарні. Пад наглядам знаходзяцца таксама «асобы ўзроўню першага кантакту».
Як стала вядома сёння «Моцным Навінам», учора, 10-га сакавіка, тэст на каронавірус аднаго з гамяльчан даў станоўчы вынік. 20-гадовы малады спартсмен вярнуўся ў гэты дзень з Партугаліі, дзе прымаў удзел у спаборніцтвах па спартыўнай акрабатыцы.

Каманда прыляцела ў Мінск, аднак там яму нейкім чынам атрымалася пазбегнуць агляду і ён паспеў прыехаць у Гомель. Тут пільнасць праявілі ўжо мясцовыя службы, і ў спартсмена быў узяты тэст, які даў станоўчы вынік. Вядома, што гамяльчанін знаходзіцца ў ізаляцыі ў Гомельскай абласной інфекцыйнай бальніцы. Акрамя таго, пад назіранне ўзята больш за дзесяць асоб «ўзроўню першага кантакту».

На сённяшні дзень гэта ўжо трынаццаты пацверджаны выпадак каронавіруса COVID-19 у Беларусі. Яшчэ ўчора было вядома пра дванаццаць выпадкаў захворвання, трое пацыентаў змаглі акрыяць, такім чынам, хворых заставалася дзевяць. Найбольшая колькасць інфікаваных — у Віцебскай вобласці, куды каронавірус ўпершыню трапіў з турысткай, якая прыляцела з Італіі.

Другі станоўчы вынік аналіза на каронавірус зафіксаваны ў Менску ў пацыента, які вярнуўся з Нямеччыны, а да гэтага быў у Паўночнай Італіі, паведамляе Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: