У Гомелі рэпрэсаваны архітэктар стаў ганаровым грамадзянінам

Рэпрэсаванаму архітэтару Станіславу Шабунеўскаму нададзены статус ганаровага грамадзяніна Гомеля. Дэпутаты гарадскога Савета дэпутатаў адзінагалосна за гэта прагаласавалі.
Дагэтуль архітэктар ніяк не быў ушанаваны ў Гомелі. Гісторык Марыя Булавінская спадзяецца, што неўзабаве з’явіцца і вуліца Станіслава Шабунеўскага:

– Сёлета спаўняецца 150 год з дня нараджэння Станіслава Шабунеўскага. Мы – гомельцы — усё ж такі павінны ўшанаваць памяць гэтага значнага для нашага горада чалавека, выдатнага архітэктара. Калі мы не можам усталяваць помнік, то трэба хаця б перайменаваць вуліцу.

Прапанову аб перайменаванні вуліцы Камсамольскай у імя Станіслава Шабунеўскага падпісала 270 чалавек. Дакумент накіравалі ў Гомельскі гарвыканкам і Гомельскі гарадскі савет дэпутатаў.

Станіслаў Шабунеўскі — беларускі архітэктар, аўтар значнай часткі забудовы Гомеля пачатку XX ст. Творчую спадчыну архітэктара складаюць розныя праекты, кіраўніцтва аднаўленчымі работамі, інспектаванне будаўніцтва многіх аб'ектаў у Гомелі і навакольных населеных пунктах. У 1923—1924 гадах Шабунеўскі кіраваў аднаўленчымі работамі ў гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў, які пацярпеў ад пажару ў 1919 годзе. У 1925 годзе архітэктар праектаваў забудову гэтак званага «гарэлага балота», пад яго наглядам ствараўся гарадскі водаправод.

Станіслаў Шабунеўскі кіраваў будаўніцтвам розных аб'ектаў не толькі ў Гомелі, але і іншых гарадах — Клінцах, Добрушы, Злынцы.

21 лютага 1931 года Шабанеўскі быў першы раз арыштаваны, але праз пэўны час вызвалены. Другі раз арыштаваны ў 1937 годзе. Пастановай пазасудовага органа асуджаны і зняволены ў папраўча-працоўны лагер на 10 гадоў (Мядзведжая Гара, Беламорканал), адкуль не вярнуўся. Рэабілітаваны 20 кастрычніка 1989 года.

Паводле racyja.com  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: