Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 41 базавую велічыню

12 сакавіка ў Гомельскім раённым судзе разглядалася 4 адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да журналісткі-фрылансеркі Ларысы Шчыраковай: два з іх датычныя незаконнага вырабу прадукцыі для замежных СМІ без акрэдытацыі ў беларускім МЗС, яшчэ два — за няяўку ў міліцыю.


«Судзяць мяне за стрым мітынгу, які зладзілі 25 сакавіка, на Дзень Волі, удзельнікі „Маршу недармаедаў-2“ каля Палаца таварыства глухіх. Стрым трансляваў спадарожнікавы тэлеканал „Белсат“. Яшчэ адзін матэрыял, паказаны на „Белсаце“, называўся „Беларускія лякарні ставяць доследы над пацыентамі“. У ім расказвалася, як пацыентка Улукаўскай участковай бальніцы засталася без своечасовай медычнай дапамогі і атрымала інсульт, а іншыя, малалетнія, пакутавалі ад зробленых тут прышчэпак. Мне прыпісваюць, што я злоўжываю правамі і абавязкамі замежнага журналіста, прадугледжанымі пунктамі 2, 4, 6 артыкулу 34 закону „Аб СМІ“. Спачатку мяне запісалі ў замежныя журналісты, а пасля пералічваюць, што я парушыла», — кажа Ларыса Шчыракова svaboda.org.

Што да няяўкі ў Гомельскі РАУС, то журналістка патлумачыла, што выклікалі яе ў міліцыю ў выходны дзень, 25 сакавіка, калі грамадзяне маюць права на законны адпачынак. Другі пратакол быў складзены за спазненне ў міліцыю, і таксама ў выходны, 26 сакавіка.

Апроч таго, 25 сакавіка міліцыя пад прымусам адвезла Шчыракову ў гарадскую пракуратуру, дзе ёй уручылі афіцыйнае папярэджанне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з тэлеканалам «Белсат», падпісанае намесніцай пракурора Ірынай Макарэвіч.

Перад гэтым журналістку-фрылансэрку судзілі за ўдзел 12 сакавіка ў мірным сходзе «недармаедаў» у Рагачове. Старшыня суду Гомельскага раёну Раіса Кавалевіч аштрафавала Шчыракову на 7 базавых велічыняў, што адпавядае 161 рублю. У папярэднія гады сума штрафаў незалежнай журналістцы за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ перавысіла ў эквіваленце тысячу даляраў.

Гэтым разам Ларысу аштрафавалі агулам на 41 базавую велічыню.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: