У Гомелі за абразу дырэктаркі школы судзяць блогера

Блогера ютуб-канала "Общество Гомель" судзяць за тое, што ў сваіх відэа ён "пераапрануў" дырэктарку адной з гомельскіх школаў у форму, падобную да формы войскаў СС. 
Арцём Шапараў

Арцём Шапараў

"Новы час" ужо пісаў пра канфлікт паміж блогерам Арцёмам Шапаравым і дырэктаркай гомельскай школы №3 Нінай Старажэнка:

Сабакі і СС: У Гомелі за «нацысцкую сімволіку» судзяць сацыяльнага відэаблогера


Гомельскі блогер не будзе пакараны за відэасюжэт пра бязмежжа чыноўнікаў


Дырэктарка гомельскай школы ў другі раз падала ў суд на блогера


Сёння адбылося першае паседжанне паводле іска Ніны Старажэнка аб абароне гонару, годнасці і рэпутацыі, якую, па словах дырэктаркі, сапсаваў Арцём Шапараў у шэрагу сваіх відэа.

Дырэктарка ацаніла памер сваіх маральных пакутаў у 5000 рублёў, а таксама запатрабавала, каб блогер выдаліў усе відэаролікі, дзе паводле яе словаў, яна выяўлена разам з нацысцкай сімволікай. 

Адвакатка ісціцы Ганна Жураўлёва і Ніна Старажэнка

Тры ролікі, праз якія я пайшла ў гэты суд, Арцём Ігаравіч зрабіў як серыял, — распавяла суду Ніна Старажэнка. —  У роліку "Дзеці ў закладніках, а маці-ўдава ў рабстве" Шапараў у якасці прэв'ю да свайго відэа выкарыстаў фотакалаж, зроблены з дапамогай фоташопа, дзе я паказаная ў мундзіры СС. Гэты факт мяне дужа зневажае, бо я не з'яўляюся афіцэрам СС і не з'яўляюся фашыстам. Наогул, я не давала дазволу на публікацыю майго фотаздымка і асабістых звестак. Да таго ж у відэароліках акрамя гэтага фотакалажу маюцца звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Напрыклад, Арцём Ігаравіч сцвярджае, што наша школа знаходзіцца ў антысанітарным стане, або што я з'яўляюся сяброўкай былой начальніцы аддзела адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Гэта ўсё няпраўда.

Шапараў у адказ на гэтыя словы сказаў, што праца чыноўнікаў і дзяржслужбоўцаў з'яўляецца адкрытай і галоснай, а таксама, што ўсе звесткі, размешчаныя ў відэасюжэтах — праўдзівыя і ўсе яны былі прадастаўлены рэальнымі людзьмі. Вопратка ж, якую дырэктарка прыняла за мундзір СС, не ўтрымлівае ніякай нацысцкай сімволікі, а знешне падобная да формы расейскага паштара ці чыгуначніка.

На мой погляд, адміністрацыйная справа супраць мяне павінна была быць спыненая па рэабілітуючых абставінах, — апісаў у пярэчанні да пазову Арцём Шапараў. — Аднак гэтага не адбылося, бо выйшаў тэрмін адміністрацыйнага парушэння паводле артыкула, які мне прадстаўлялі ў віну. Згодна заўвазе да артыкулу 17.10 КоАП РБ, пад нацысцкай сімволікай ці атрыбутыкай маюцца на ўвазе: эмблема, вымпел, гальштук, нагрудны ці апазнавальны знак Нацыянал-сацыялістычнай працоўнай партыі Германіі ці іх копіі. Такім чынам, КоАП даволі строга трактуе, што з'яўляецца нацысцкай сімволікай і не дапускае розначытанняў. Ні ў адным з ролікаў на канале "Общество Гомель" няма гэтых выяваў.

Абгрунтаваць памер нанесенай маральнай шкоды Ніна Старажэнка не змагла — на жанчыну нахлынулі эмоцыі. Адвакатка Ганна Жураўлёва давяла суду, што за час, які прайшоў пасля з'яўлення відасюжэтаў у інтэрнэце, ейная падабаронная адчувала вялізныя маральныя пакуты. Дырэктарка нават прапусціла выпускны вечар у школе, бо праз хваляванне, звязанае з відэаролікамі, трапіла ў гэты час у лякарню.

Ніна Старажэнка зазначыла таксама, што пасля публікацыі відэа ёй пачалі тэлефанаваць з пагрозамі незнаёмыя людзі, а нехта нават пашкодзіў "вочка" ўваходных дзвярэй ейнай кватэры.


Наступнае судовае паседжанне,адбудзецца 11 кастрычніка. Абодва бакі выклікалі на яго сваіх сведак, а таксама запатрабавалі праглядзець згаданыя відэасюжэты.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць