У Гомелі за гадзіну ліквідавалі краязнаўчую арганізацыю, якая існавала з 1986 года

У Гомельскім абласным судзе 15 верасня адбыўся разгляд грамадзянскай справы паводле пазова галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама да гомельскай моладзевай краязнаўчай грамадскай арганізацыі «Талака» — аб яе ліквідацыі. Суддзя — Тацяна Аземша.

Удзельніцы «Талакі» на Купаллі, 2013 год


Паводле пазова ўлад, згодна з законам «Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасьці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння» грамадскія аб’яднанні абавязаны штогод даваць дакументы пра сваю дзейнасць, у тым ліку — пра паступленне і выдаткоўванне грашовых сродкаў і іншай маёмасці. «Талака» нібыта гэтае патрабаванне не выканала, піша «Радыё Свабода».

У пазове ўказваецца, што на адрас «Талакі» нібыта выносілі пісьмовае папярэджанне — падставай паслужылі парушэнні, якія ў арганізацыі не ліквідавалі.

Старшыня арганізацыі Пётр Цалка ў судзе прызнаў пазоўныя патрабаванні і хадайнічаў, каб суд даў магчымасць на працягу двух дзён прадаставіць неабходныя дакументы. Пры гэтым адзначыў, што «Талака» не вяла эканамічную дзейнасць. У адказ на гэта прадстаўнік пазоўніка заявіў, што часу для прадстаўлення дакументаў было дастаткова.

З усёй Рады арганізацыі ў суд выклікалі толькі старшыню. На пасяджэнні прасіла слова маршалак «Талакі» Ларыса Шчыракова, але яе заслухаць адмовіліся. У выніку працэс заняў усяго каля гадзіны — суд пастанавіў задаволіць патрабаванні пазоўніка і ліквідаваць арганізацыю.

Гомельская моладзевая краязнаўчая грамадская арганізацыя «Талака» займалася развіццём нацыянальнай культуры: адраджэннем старажытных беларускіх народных абрадаў, зборам фальклору, рэканструкцыяй аўтэнтычных святаў. Абʼяднанне папулярызавала культуру, гісторыю і краязнаўства.

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаванне дзясяткаў асветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, даследчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Усяго на сярэдзіну верасня, згодна са звесткамі праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі ад ліпеня 2021 года ўжо 135 зліквідаваных недзяржаўных арганізацый.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: