У Гродна будуюць клон Лініі Сталіна — «Лінію Карбышава-Молатава»

У Градна на праспекце Касманаўтаў, што вядзе да хімічнага прадпрыемства «Азот», ствараецца «лінія Карбышава».



За гродзенскім Курганам славы ўжо стаіць бронетэхніка часоў апошняй вайны і больш сучасная. Далей — муляжы з дрэва супрацьтанкавых «яжоў», за імі салдаты ўмацоўваюць неглыбокую траншэю свежым драўляным брусам. За траншэяй прыкапаны, як выглядае, лёгкі дэсантны танк, які да вайны не мае дачынення. Справа ад яго — дзве гарматы, у адной на шчытку надпіс «Гродненское ЖКХ».


Супрацьтанкавыя “яжы”

Супрацьтанкавыя “яжы”

Будучая «лінія» выглядае сціпла. Але ў дзень адкрыцця абяцаюць паказаць рэканструкцыю бою з немцамі, таму чакаецца, што імпрэза зацікавіць гараджан..

Салдаты ўмацоўваюць траншэю

Салдаты ўмацоўваюць траншэю

Усё большае ўвекавечванне гісторыі апошняй вайны — гэта тупіковы шлях, мяркуе грамадскі дзеяч Ігар Кузьмініч, які раней выкладаў у Гродзенскім універсітэце:


Ігар КузьмінічІгар Кузьмініч


«Вайна скончылася, трэба пра яе памятаць. Але ўвесь час аб ёй настойліва нагадваць — у гэтым бачацца бадай праявы мілітарызму. Гэта — першае, што прыходзіць на думку з нагоды новых помнікаў, звязаных з вайной, або разгортванне ліній ці Сталіна, ці Карбышава».


У Ігара Кузьмініча два сыны, якія некалі ездзілі да Кургана славы паглядзець танкі:




«Сынам спадабалася вайсковая тэхніка — яны ж хлопцы. Цікавасць да яе ў некаторых выпадках спалучаецца з імкненнем атрымаць ваенную прафесію, і гэта нармальна. Але мы жывем у ХХІ стагоддзі, і падмацоўваць падобныя рэчы ідэалагічна сёння не варта. Навошта такая псеўдалінія? Магчыма, для турыстаў. Але ж некаторыя з умацаванняў, што некалі будаваў генерал Карбышаў, захаваліся насамрэч, ці не лепей было б выкарыстоўваць менавіта іх, гэта значыць — сапраўдныя аб’екты?»



Танкі, выстаўленыя пры Кургане славы

Танкі, выстаўленыя пры Кургане славы

Гісторык Андрэй Вашкевіч — адзін з тых, хто вывучае абарончыя ўмацаванні непадалёк ад Горадні, якія будаваліся пад кіраўніцтвам генерала Карбышава.


Ён мяркуе, што «лінія Карбышава», якая будуецца, — хутчэй адукацыйны праект, дадатак да Кургану славы:



Андрэй ВашкевічАндрэй Вашкевіч

«Напэўна, каб школьнікі там маглі праводзіць час. Але хацелася б, каб з часам была звернутая ўвага на тую рэальную лінію абароны, 68-га ўмацаванага раёну ў раёне Аўгустоўскага каналу і хаця б адзін з дотаў (дот: доўгатэрміновая абарончая кропка — РС) быў рэканструяваны паводле аўтэнтычнага выгляду. Тым больш, што такія праекты існуюць, напрыклад, у Заслаўі. І гэта цалкам рэальна — падрыхтаваць як турыстычны аб’ект сапраўдную лінію Карбышава або, як яшчэ называюць умацаванні, „лінію Молатава“, — зазначае гісторык.— Тым больш, што захаваліся больш за сто аб’ектаў з беларускага і польскага боку, пабудаваных для 68-га ўмацаванага раёну. Некаторыя ў даволі добрым стане. У адрозненне ад так званай „лініі Сталіна“, гэтыя доты ў першыя дні вайны па-сапраўднаму абараняліся, у іх загінула нямала салдат».



www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: