У Гродне 9-гадовы хлопчык атрымаў невялікую траўму рукі. Па словах бацькоў, падчас выступаў ваенных

Каля Кургана Славы ў Гродне ў Дзень Перамогі было свята, з паказальнымі выступленнямі вайскоўцаў. У рэдакцыю tut.by звярнулася чытачка — яна распавяла, што яе дзевяцігадовы сын атрымаў траўму рукі «падчас запуску дымавых шашак».
Ілюстрацыйнае фота: Кацярына Гардзеева, TUT.BY

Ілюстрацыйнае фота: Кацярына Гардзеева, TUT.BY

Мяркуючы па святочнай праграме, з 11.40 да 13.45 каля Кургана Славы праходзіў канцэрт духавога аркестра 6-й механізаванай брыгады і творчых калектываў Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры. Мясцовыя СМІ паведамляюць, што вайскоўцы паказалі ваенную тэхніку, некалькі выступаў, а потым частавалі салдацкай кашай.

Жыхарка Гродна Анастасія была на свяце c дзевяцігадовым сынам.

 Глядзелі паказальнае выступленне нейкіх ваенных рабят. Яны паказвалі, як умеюць страляць, запускалі нейкія дымавыя шашкі, былі чутны «выбухі». З выступоўцаў запомніўся хлопец у незвычайнай камуфляванай вопратцы — «у лахманах», ён быў бліжэй за ўсё да нас.

Анастасія кажа, што пусціла дзіця бліжэй да агароджы (за яе яно не заступала), у першы шэраг — каб яму было лепш відаць.

 Мяне ад сына аддзяляла прыкладна тры шэрагі людзей. Я не выпускала з поля зроку яго куртку. У нейкі момант «выбухі» пачуліся бліжэй. Я заўважыла, што дарослыя сталі адводзіць з першых шэрагаў маленькіх дзяцей — яны заплакалі. Маё дзіця таксама стала адыходзіць. Падышла бліжэй — паказвае руку і плача, — распавядае маці. — Я павяла яго ў бліжэйшую хуткую дапамогу, там рану апрацавалі і сказалі, што гэта апёк.

Хлопчык маці растлумачыў, што адчуў толькі рэзкае паленне ў руцэ падчас паказальнага выступу вайскоўцаў.

Жанчына кажа, што спрабавала знайсці ля Кургана Славы адказных за мерапрыемства, але нічога не выйшла.

Бліжэй да вечара сям'я з'ездзіла ў траўмапункт Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы і зафіксавала здарэнне. У даведцы (ёсць у рэдакцыі) паказана, што ў хлопчыка выцятая рана правай кісці. Там жа пазначана: «Паведамлена ва УУС».

Анастасія занепакоеная тым, што адбылося.

 Там былі дзеці ніжэй майго ростам. А калі б штосьці трапіла іншаму дзіцяці ў вока? Магчыма, гледачоў не адвялі на дастатковую адлегласць? Гэта небяспечна. Крыўдна, што такі цудоўны дзень быў азмрочаны. У наступны раз я падумаю, ісці ці не ісці на свята.

Бацькі хлопчыка тлумачаць, што ў іх прэтэнзій няма, але хацелі б адчуваць сябе ў бяспецы пры правядзенні такіх мерапрыемстваў.

Увечары сям'ю наведалі прадстаўнікі Мінабароны і прывезлі невялікія падарункі. У ходзе гутаркі ім так і не ўдалося прыйсці да высновы, як і дзе хлопчык мог атрымаць траўму.

У Міністэрстве абароны TUT.BY пакуль не ўдалося атрымаць каментар, пасля атрымання адказу на афіцыйны запыт яго апублікуюць. Звязацца з арганізатарамі святочных мерапрыемстваў таксама не ўдалося.

Рэдакцыя TUT.BY таксама пагутарыла і з іншымі бацькамі, якія былі на свяце. Яны адзначылі, што выступ быў шумным і занадта блізка да гледачоў, магчыма з-за гэтага некаторыя дзеці, спалохаўшыся, заплакалі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: