У Гродне памёр легендарны трэнер Рэнальд Кныш

Заслужаны трэнер СССР, які выхаваў алімпійскіх чэмпіёнак па спартыўнай гімнастыцы, ганаровы грамадзянін горада Рэнальд Кныш памёр у Гродне ноччу 19 красавіка на 87 годзе жыцця. Пра гэта паведаміла яго жонка Вольга Кныш, перадае hrodna.life.
За час сваёй трэнерскай дзейнасці Кныш падрыхтаваў, чэмпіёнку СССР Тамару Аляксееву, дзвюх алімпійскіх чэмпіёнак Алену Валчэцкую і Вольгу Корбут. Апошняя ў канцы 90-х напісала кнігу, у якой распавяла аб сексуальных дамаганнях свайго трэнера падчас гульняў у Мюнхене. Рэнальд Кныш называў гэта паклёпам.


Рэнальд Кныш і Вольга Корбут

З 1953 года Кныш працаваў трэнерам у Гродзенскай дзіцячай спартыўнай школе №3 у секцыі спартыўнай гімнастыкі. За час сваёй працы трэнерам, ён вынайшаў каля 30 новых элементаў у спартыўнай гімнастыцы, за што быў удастоены ганаровага звання «Заслужаны трэнер СССР» у 1964 годзе (званне заслужанага трэнера БССР атрымаў двума гадамі раней). Пасля Алімпіяды 1972 года ў складзе савецкай дэлегацыі сустракаўся з прэзідэнтам ЗША Рычардам Ніксанам.

У 1972 годзе Кныш стаў Ганаровым грамадзянінам горада Гродна. У 1974 годзе атрымаў званне «Заслужаны дзеяч фізічнай культуры БССР». Пасля Алімпійскіх гульняў 1980 года і канфлікту з Вольгай Корбут быў вымушаны пакінуць спорт. Пражываў у Мінеральных Водах, Таліне, Калінінградзе. У 1989 годзе ён вярнуўся ў Гродна і жыў там да апошніх дзён. Пісаў вершы і мемуары, а таксама рыхтаваў дапаможнікі для спартсменаў.

Руслан Кулевіч, hrodna.life

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: