У Гродне ўнікальная забудова канца ХІХ стагоддзя пад пагрозай разбурэння

У Гродне пад пагрозай разбурэння аказалася ўнікальная забудова канца ХІХ стагоддзя — былая кафляная фабрыка. Помнік, які прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю, ужо пяць гадоў выстаўляецца на аўкцыёны, а новага гаспадара так і няма. Гістарычная забудова знікае на вачах, піша «Народная Воля».

Абадраная тынкоўка, дзіркі ў сцяне, асунуты дах...

У ХІХ стагоддзі, калі Друцкія-Любецкія будавалі кафляную фабрыку, гэта была ўскраіна горада, а зараз — узмежжа старога Гродна, які так любяць і гараджане, і турысты. Былая кафляная фабрыка месціцца за чыгуначным вакзалам на вуліцы Чырвонаармейскай і не вельмі прыкметная. Дарэчы, яна паспяхова працавала да Другой сусветнай вайны і нават пасля яе, да 1950 года, а пазней прадпрыемства аб’ядналі з цагельным заводам, і ў выніку ўтварыўся камбінат будаўнічых матэрыялаў, які існуе дагэтуль. У савецкія часы ў будынках фабрыкі знаходзіліся розныя будаўнічыя арганізацыі.

Цяпер, калі праходзіш па вуліцы Чырвонаармейскай побач з былой фабрыкай, робіцца нават страшна. Найбольш трагічна выглядае фасад з боку чыгуначнага вакзала: абадраная тынкоўка, правалены дах, раструшчаная цэгла... У адным месцы яна наогул абвалілася — утварылася дзірка, у якую можа пралезці падлетак. Менавіта ў гэтым месцы шыфер на даху асунуўся і ў любы момант можа адбыцца абвал.

З другога боку забудовы, у двары, у адным з будынкаў дах ужо з’ехаў, шыфер трымаецца на чэсным слове. Пад сценамі валяюцца бутэлькі ад алкаголю. Патрапіць сюды можна без перашкод, а значыцца, да бяды ўсяго крок.

Дарэчы, будынак, як высветлілася, не нічыйны — ён належыць трэсту «Гроднагарбуд». Толькі вось арганізацыя ўжо некалькіх гадоў як банкрут, праходзіць перыяд санацыі, распрадаецца ўся маёмасць. Трэсту відавочна не да былой кафлянай фабрыкі, якую ніхто не купляе.

«Гэта трагедыя»

Гісторык Мечыслаў Супрон упэўнены: гэта вялікая бяда, калі такія помнікі пад пагрозай знікнення. Менавіта яны ўтвараюць у горадзе своеасаблівую атмасферу, надаюць яму больш канкрэтнае ўражанне гістарычнасці. Такі помнік у Гродне ды і ў цэлым у краіне не адзін, і іх трэба ратаваць, каб потым было што паказваць і нашчадкам, і турыстам. Але, на жаль, дзяржава не спяшаецца гэта рабіць.

— Гарадскія ўлады, выстаўляючы такія аб’екты на аўкцыён, імкнуцца на іх зарабіць, — сумна заўважае гісторык. — А варта было б аддаваць іх за адзін рубель тым, хто не пабаіцца набыць і аднавіць.

Што датычыцца непасрэдна будынкаў кафлянай фабрыкі, то на пачатку месяца яны былі выстаўлены на чарговы аўкцыён, пачатковы кошт складаў 1,23 мільёна рублёў. На аўкцыён не прыйшоў ніводзін пакупнік. Зараз будынкі фабрыкі прадаюць за 879 тысяч рублёў. Але ці знойдуцца зацікаўленыя набыць будынкі і за такі кошт? Мой суразмоўца сумняваецца. У краіне мала інвестараў з грашыма, а замежныя ў сілу абставін не спяшаюцца ўкладваць грошы ў Беларусь.

З іншага боку, ёсць прыклад, як выглядае адзін з будынкаў комплексу, які гродзенская фірма «Лявута і С» набыла яшчэ ў 2015 годзе. Дырэктар фірмы Пётр Лявута публічна распавядаў, што будынак быў у трагічным стане, а праз год пасля набыцця комплекс прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Не проста было выканаць патрабаванні да рэканструкцыі, паколькі ўсе працы даводзілася ўзгадняць з Міністэрствам культуры. Але цяпер яго можна паказваць як прыклад рэстаўрацыі. Праўда, як заўважае гісторык, гэта хутчэй выключэнне, чым правіла.

А былі планы...

У 2019 годзе Гродна наведаў расійскі шоўмен Андрэй Разін. У мясцовых СМІ ён бойка распавядаў, што ягоны тата паходзіць з Гродна і ў свой час нібыта яго радня валодала керамічнай фабрыкай на Чырвонаармейскай. Шоўмен заяўляў, што мае намер набыць гэтую гістарычную забудову, рэстаўраваць і адкрыць там керамічную вытворчасць, наладзіць прамысловы турызм, каб кожны наведвальнік мог сам сабе зрабіць фігурку на памяць, а таксама навучаць дзяцей забытым рамёствам.

Вось толькі планы засталіся планамі, калі гарадскія ўлады паведамілі шоўмену, колькі гэтая забудова будзе каштаваць на аўкцыёне. Разін планаваў атрымаць паўразбураныя будынкі фабрыкі задарма.

У тым самым 2019 годзе гарадскія ўлады хацелі прадаць разам з будынкамі фабрыкі і надзел зямлі (21 сотку), які месціцца побач. Умовы аўкцыёну абавязвалі пакупніка збудаваць на гэтым месцы гандлёва-выставачную пляцоўку для рамеснікаў і народных майстроў, з тым каб арганізаваць тут невялікі рамесніцкі рынак. Ідэя таксама засталася толькі ідэяй. Яе не падтрымалі нават самі рамеснікі.

А што станецца з будынкамі фабрыкі яшчэ праз зіму, калі яны выстаяць? Губляецца нават тое, што ёсць...


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: