У Гродне ўшанавалі памяць ахвяр Халакоста (фота)

Каля ста гараджан і гасцей горада 29 студзеня прыйшлі да ўваходу ў былое гродзенскае гета каб ушанаваць памяць загінулых у часы Халакосту. Прысутнічалі дыпламаты, святары, студэнты і школьнікі. Разам яны здзейснілі «Марш жыцця» па вуліцы Замкавай да харальнай сінагогі.

Дзень памяці ахвяраў Халакосту ва ўсім свеце адзначаецца 27 студзеня. Менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе Чырвоная армія вызваліла адзін з самых страшных канцлагераў Другой сусветнай — Аўшвіц-Біркенаў. У Гродне ўшанаваць загінулых суайчыннікаў вырашылі ў выходны дзень, каб максімальна прыцягнуць увагу грамадскасці.


«Гэта была трагедыя не толькі яўрэйскага народа, але і ўсяго чалавецтва. 6 мільёнаў еўрапейскага яўрэйства знішчыла ідэалогія гітлераўцаў. Да вайны ў Гродне жыло каля 29 тысяч яўрэяў. За выключэннем невялікіх канфліктаў, у горадзе жыццё было спакойнае. Існавалі польскія і яўрэйскія спартыўныя каманды, тэатры і выдавецтвы.

Вайна ўсё змянiла. Некалi выбітных людзей — рабінаў, дактароў, навукоўцаў, музыкаў, гандляроў — ператварылі ў рабоў для акупантаў. Мы, як адданыя нашчадкі, сабраліся, каб успомніць тых, хто пацярпеў ад рук акупантаў, і тых, хто дапамагаў выжыць асуджаным на смерць», — распавёў старшыня іудзейскай абшчыны Барыс Квяткоўскі.


Пасля невялікага мітынгу, ужо ў малітоўным доме, перад гараджанамі і гасцямі выступілі гродзенскі рабін Iцхак Кофман, праваслаўны святар Валерый Петручык, а таксама прадстаўнік літоўскага консульства. Дарэчы, у сiнагозе сабралося значна больш людзей, чым на маршы.

«Мы павінны памятаць пра жахi вайны, але мы павінны глядзець і ў будучыню. Колькі раз у гісторыі спрабавалі знішчыць яўрэйскі народ, але нікому гэтага не атрымлівалася. Жыццё працягваецца, нам важна будаваць новыя планы і глядзець з аптымізмам у будучыню», — распавёў рабін Iцхак Кофман.

Пасля афіцыйных выступленняў у сінагозе запалiлi свечы памяцi і прайшла музычна-тэатралізаваная пастаноўка «Дзеці вайны».

Варта адзначыць, што падчас Другой сусветнай вайны з 29 00 гродзенскіх яўрэяў у жывых засталося каля 300 чалавек. Большая частка іх загінула менавіта ў канцлагеры Аўшвіц-Біркенаў.


Руслан Кулевіч, hrodna.life, фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: