У гродзенскай кандытарскай адмовіліся пячы торт для АМАПу. Назаўтра беларусы раскупілі там усё

Невялікае гродзенскае кафэ-кандытарская «Каханне Тортава», якое знаходзіцца ў дварах старога цэнтра і пра якое многія мясцовыя раней нават не чулі, нечакана стала знакамітым, піша TUT.BY.

На мінулым тыдні тут адмовіліся зрабіць торт, які хацелі замовіць прыхільнікі дзеючай улады ў падтрымку мясцовага АМАПу. Інфармацыя пра сітуацыю спачатку з'явілася ў адным з праўладных чатаў — там адзін з карыстальнікаў напісаў, што такую ўстанову трэба «абыходзіць бокам». А ў іншых гарадскіх і дваровых чатах гродзенцы з іншымі поглядамі, наадварот, вырашылі падтрымаць кафэ — і за пятніцу там скупілі ўсе тарты і пірожныя.

Усю пятніцу ў кафэ раз-пораз прыходзілі людзі. У выніку ўжо пасля абеду на прылаўках не засталося ні тартоў, ні пірожных, а гродзенцы ўсё ішлі і ішлі. Прадавец кандытарскай — гэта менавіта яна напярэдадні адмовілася прымаць заказ на торт у падтрымку гарадзенскага АМАПа з адпаведнымі надпісамі, — кажа, што такая папулярнасць для ўстановы стала нечаканасцю і для яе, і для ўладальнікаў установы. З аднаго боку, кажа жанчына, прымаючы такое рашэнне, яна проста хацела быць «па-за палітыкай», з другога — цяпер у кафэ асцерагаюцца, што могуць пачацца праверкі, з трэцяй жа — вядома, ёй вельмі прыемна такая падтрымка гродзенцаў.

— У звычайныя дні ў нас продажы сярэднія, можна сказаць. У Дзень маці было крыху лепш, а зараз скупілі практычна ўсе тарты, — кажа прадавец.

За паўдня яна прадала больш за 30 тартоў — для маленькай кандытарскай гэта вельмі шмат. Тарты, якія гатуе кандытарскі цэх, адразу ж раскупляюць. У кафэ сталі прымаць заказы ўжо на нядзелю.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: