У Грузіі зарэгістравалі Міжнародны камітэт захавання незалежнасці Беларусі імя Каліноўскага

Міністэрства юстыцыі Грузіі зарэгістравала Міжнародны камітэт захавання незалежнасці Беларусі імя Кастуся Каліноўскага (Kastus Kalinowsky International Committee for Preservation of Independence of Belarus), піша «Свабода».

Рашэнне аб рэгістрацыі Міжнароднага камітэту захавання незалежнасці Беларусі імя Кастуся Каліноўскага

Рашэнне аб рэгістрацыі Міжнароднага камітэту захавання незалежнасці Беларусі імя Кастуся Каліноўскага

Асноўнай мэтай грамадскай арганізацыі дэкларуюцца ўвасабленне высокіх ідэалаў аднаго з лідараў паўстання 1863 году Кастуся Каліноўскага аб незалежнай краіне.

У прыватнасці, садзейнічанне стварэнню адміністрацыйных, эканамічных і прававых перадумоваў для таго, каб Беларусь умацавала свой эканамічны патэнцыял, ператварылася ў моцную краіну еўрапейскага тыпу.

 

Дзяржавы-донары для Беларусі

Кіраўнік ініцыятыўнай групы стварэння Міжнароднага камітэту захавання незалежнасці Беларусі імя Кастуся Каліноўскага Зураб Ванішвілі, выпускнік юрыдычнага факультэту Белдзяржуніверсітэта, свабодна размаўляе па-беларуску. Прадстаўніком камітэту ў Беларусі будзе праваабаронца Алег Воўчак, з якім яны разам вучыліся ў БДУ і дагэтуль падтрымліваюць сяброўскія стасункі.

Супраца з урадам і НДА Беларусі ў мэтах збліжэння з Еўрасаюзам і выпрацоўка плану дзеянняў на ўступленне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю — вось найбліжэйшыя планы камітэту.

 

Алег Воўчак і Зураб Ванішвілі ў Минску, 1989 год 

«Адной з першарадных задач камітэту з’яўляецца судзеянне ў справе прыцягнення вядучых краін Заходняй Еўропы, ЗША, Японіі дзеля паскоранага, цягам 2–2,5 гадоў, уступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА), — расказаў Свабодзе Зураб Ванішвілі. — Мы збіраемся наладзіць сувязь паміж вядучымі дзяржавамі-донарамі і ўрадам Беларусі з тым, каб стварыць Міжнародную групу сяброў вашай краіны, якая арганізацыйна дапаможа зрабіць належныя заканадаўчыя і адміністрацыйныя захады, неабходныя для імплементацыі патрабаванняў Маракескага пагаднення (Статуту СГА)».

Зураб Ванішвілі быў удзельнікам групы экспэртаў, якая распрацоўвала статутныя дакумэнты для ўступлення Грузіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Ягоная краіна прайшла гэты шлях за тры гады і спраўна атрымлівае эканамічныя дывідэнды. Беларусь бясплённа спрабуе гэта зрабіць вось ужо чвэрць стагодздзя.

 

Зураб Ванішвілі


Сусветная гандлёвая арганізацыя займаецца распрацоўкай і ўкараненнем гандлёвых правілаў і пагадненняў, сочыць за іх выкананнем, займаецца праблемамі лібералізацыі гандлю, наданнем ільготаў краінам, якія развіваюцца. Сярод прынцыпаў — роўнасць правоў, узаемнасць, празрыстасць гандлю.

Цяпер у СГА ўваходзяць 164 краіны — практычна ўвесь свет. У кампаніі з Беларуссю, якая заявіла пра жаданне туды інтэгравацца яшчэ ў 1993 годзе, але так і не далучылася, таксама Алжыр, Азербайджан, Боснія, Экватарыяльная Гвінея, Іран, Ірак, Косава, Лібан, Лівія, Паўночная Карэя, Сербія, Самалі, Судан і Паўднёвы Судан, Сырыя, Туркменістан, Узбекістан, Эрытрэя і некаторыя іншыя.

 

Сусветнай гандлёвая арганізацыя як паратунак

На перакананне суразмоўцы, уступленне ў СГА ў кароткія тэрміны станоўча адаб’ецца на паказніках экспарту тавараў і паслуг, павялічыцца патэнцыял краіны, транзытныя даходы стануць другарадным пытаннем.

«Гэта будзе выгадна ня толькі Беларусі — усім патрэбны багатыя суседзі, — кажа ініцыятар стварэння камітэту. — Беларусь стане прыкметным гульцом, павысіцца ўзровень дабрабыту насельніцтва, узмоцніцца абаронны патэнцыял. Мы любім і шануем беларускі народ, таму прапануем нашы веды і вопыт. Кітай ператварыўся ў эканамічнага гіганта толькі пасля ўступлення ў СГА. Беларусь зможа за 5–6 гадоў прыцягнуць інвестыцыі, стварыць новыя прадпрыемствы, гандлёвыя кампаніі, значна павялічыцца колькасць моцных эканамічных агентаў».

 

Тбілісі перад візітам Аляксандра Лукашэнкі, 2015 год

Зураб Ванішвілі кажа, што збіраецца бескарысліва служыць справе захавання незалежнасці Беларусі — краіне, якая стала для яго такой жа роднай, як і Грузія.

«Для нас не існуе ідэалу вышэйшага, чым дасягненне кансенсусу паміж урадам Беларусі і Міжнароднай групай сяброў. Беларусь вартая лепшай долі, і трэба ўсім разам у гэтай справе дапамагчы. Я вучыўся у БДУ і ведаю, што Статут ВКЛ быў на беларускай мове. Чаму не падтрымаць дзяржаву з такой гісторыяй? Не трэба ствараць канфрантацыі там, дзе арганізацыйнай працай можна ўмацаваць пазіцыі Беларусі ў свеце. Мы ўступілі ў СГА ў 1999-м і праз 6 гадоў пакончылі з карупцыяй. Мае дзеці не ведаюць слова „хабар“, нават не чулі».

Зураб Ванішвілі быў задзейнічаны ў спецпраектах параўнальнага права. Практыкаваўся ва ўніверсітэце штату Мерылэнд, Лонданскай школе эканомікі і палітычных навук. Аўтар шэрагу законапраектаў, прынятых парламентам Грузіі ў канцы 1990-х гадоў. Указам колішняга кіраўніка Грузіі Эдуарда Шэварнадзэ адзначаны асабістай падзякай прэзідэнта.

 

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: