У інфармацыйнай кампаніі БелаПАН памяняўся дырэктар. Ім стала Ірына Леўшына

18 студзеня Дзьмітрый Наважылаў, які кіраваў ЗАТ «БелаПАН» ад чэрвеня 2018 года, напісаў заяву аб звальненні з пасады, а таксама загад, што да прызначэння новага дырэктара яго абавязкі будзе выконваць галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына.


21 студзеня Рада акцыянераў ЗАТ «БелаПАН» зацвердзіла заяву Наважылава аб звальненні і прызначыла Леўшыну дырэктаркай кампаніі. Адначасова яна застаецца галоўнай рэдактаркай БелаПАН, паведамляе Радыё Свабода.

14 студзеня ў офісе БелаПАН прайшоў ператрус, які доўжыўся каля трох гадзін. Канфіскавалі рукапісныя запісы, фінансавую дакументацыю, каля дзясятка цвёрдых дыскаў працоўных кампутараў, цвёрды дыск сервера лакальнай сеткі, два нэтбукі, візітныя карткі.

Ператрус праводзіўся ў межах справы, заведзенай паводле артыкулу 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) у дачыненні да журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава, які ў 2014-2018 гадах займаў пасаду намесніка дырэктара БелаПАН.

У цяперашні час паміж ім і кампаніяй існуюць дамоўныя адносіны. У пастанове на ператрус таксама фігураваў артыкул 293 КК (масавыя беспарадкі).

Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня. Іх падазраюць у фінансаванні пратэставай дзейнасці — у прыватнасці, у тым, што аплачвалі штрафы затрыманых падчас акцый людзей, кампенсавалі іх ўтрыманне ў ізалятарах. Паводле інфармацыі МУС, неабходныя для гэтага сродкі падазраваныя атрымлівалі з-за мяжы. Беларускія праваабаронцы падкрэслілі, што дзейнасць па дапамозе людзям — фактычна праваабарончая, і абвясцілі Аляксандрава і Злобіну палітычнымі вязнямі.

Інфармацыйная кампанія БелаПАН, у структуру якой уваходзяць інфармагенцтва БелаПАН і інтэрнэт-газета «Беларускія навіны» (Naviny.by), была створана ў 1991 годзе Алесем Ліпаем. 23 жніўня 2018 году ён раптоўна памёр ва ўзросце 52 гадоў. Ірына Леўшына працавала ў кампаніі ад пачатку яе заснавання.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: