«У камеры былі мышкі, прусакі і новая бялізна»

Алена Дубовік была гвалтоўна выцягнута з тралейбуса 37 маршрута пасля Маршу недармаедаў 15 сакавіка. Яна выйшла на волю пасля 12 сутак арышту. Гэта не першы тэрмін: 15 сутак Алена правяла за кратамі пасля Плошчы–2010. Таму пасля затрымання прыкладна ведала, чаго чакаць і маральна была гатова.

Гэта не першы яе тэрмін: 15 сутак Алена правяла за кратамі пасля Плошчы–2010. Таму дзяўчына кажа, што пасля затрымання прыкладна ведала, чаго чакаць, маральна была гатова.

— Я супакоіла сябе і вырашыла, што, магчыма, наступныя 15 дзён мне прыйдзецца пасядзець у ізаляцыі. Я абуралася толькі з таго, што ў мяне ёсць праца, ёсць сабака, ёсць муж Саша, але я не змагу іх бачыць і мне будзе сумна без іх.

Са старонкі ў фэйсбуку мужа Алены:

У знак пратэсту супраць затрымання Алена Дубовік абвясціла галадоўку. І трывала яе ўсе 12 дзён.

— Што было самае цяжкае падчас арышту?

— Самае цяжкае, што ты знаходзішся ў ізаляцыі і не ведаеш нічога, што адбываецца звонку. Нават лісты і паштоўкі нам аддалі, толькі калі перавозілі ў Жодзіна 24 сакавіка раніцай. Цяжка было з атрыманнем перадач, бо начальнік ЦІП адмовіў у перадачах ад сяброў, і трэба было чакаць, калі мая маці прыедзе з Берасцейскай вобласці.

Мне асабіста цяжка было трымаць галадоўку, таму што я сядзела не адна. Са мной разам на Акрэсціна было трое дзяўчат з Расійскай Федэрацыі, якія чакалі дэпартацыі. У час, калі яны елі, я старалася спаць. У Жодзіна я трапіла ў камеру, у якой сядзела 7 чалавек, палову з якіх я ведала — іх таксама затрымалі 15 сакавіка. Там я ўжо нават сядзела з імі за сталом, калі яны елі. Мы размаўлялі, было весела.

— А што наконт умоў у камеры?

— На Акрэсціна разам з дзяўчынамі на дэпартацыю было вельмі добра. Яны сядзяць доўга, таму ўсе ўмовы ёсць. Нават гарачая вада была, адзін вечар я змагла папарыць ногі. Былі шашкі, асадкі — я імі скаргі пісала. Іншым не перадавалі асадкі.

А ў Жодзіна было невыносна: вельмі сыра і холадна. У камерах адчынены форткі і не было ацяплення. Калі мы скардзіліся, нам адказвалі — гэтае пытанне не да нас. Мы сядзелі ў куртках і шапках пад коўдрамі і не падымаліся, калі крычалі “пад’ём!”. Канешне, звычайным адміністратыўшчыкам нельга сядзець на ложках днём, але мы вырашылі, што не будзем падпарадкоўвацца, калі такія ўмовы.

У камеры жылі маленькія мышкі, прусакі поўзалі па сценах. Але бялізна і коўдры былі новыя. Было бачна, што менавіта да нас падрыхтаваліся. У кожнай камеры віселі памяткі з распарадкам дня, датаваныя сакавіком 2017-га.

Фота з асабістага архіву Алены Дубовік

Фота з асабістага архіву Алены Дубовік

— Як да галадоўкі ставіліся вашыя сукамерніцы і ахоўнікі?

— Ахоўнікі падсмейваліся, казалі: «Ну, яна проста хоча схуднець. Гэта яе праблемы, мы тут не пры чым, мы яе сюда не клікалі, няхай робіць што хоча». Сукамерніцы мяне падтрымлівалі, шкадавалі: маўляў, я з выгляду такая маленькая дзяўчынка, а стану яшчэ меншая. Калі мы выходзілі на прагулку (нас на ЦІПе звычайна вадзілі ў дворык па дзве камеры разам), з іншага дворыку звычайныя адміністрацыўшчыцы казалі: «ой, ну лепш ты бы ела, я б цябе накарміла».

— Яны ведалі за што вы сядзіце? Як яны да гэтага ставіліся?

— Ім не было ўсё роўна, тым больш, яны разумелі, што мая галадоўка ёсць менавіта пратэстам супраць затрымання і арышту. Я ім распавяла, чаму галадаю, ім гэта ўсё было цікава.

Фота з асабістага архіву Алены Дубовік

Фота з асабістага архіву Алены Дубовік

— Як ваша затрыманне ўспрынялі сваякі і калегі?

— Збольшага нармальна. Яны падтрымлівалі мяне. Я працую ў «Зялёнай сетцы», мае калегі напісалі ліст падтрымкі і абурэння з таго, што актывістаў-эколагаў затрымліваюць.

— Ці давялося вам пабачыцца з тымі, каго затрымалі 25 сакавіка?

— Менавіта вочы ў вочы не атрымалася. Але ў Жодзіна 25 сакавіка ўвечары завозілі некалькіх хлопцаў, а ў нас у гэты час была праверка, калі начальнік адчыняў дзверы ў кожную камеру. Я ўбачыла людзей, якія стаялі ля сценкі. Сярод іх быў мой знаёмы Уладзімір Валодзін. І я ўсё зразумела.

Да гэтага мы не ведалі, што адбываецца, але тут стала ясна, што ідзе шмат затрыманняў.

— Што вы адчулі ў той момант?

— Думала, што далей рабіць, калі выйду, бо трэба падтрымліваць людзей. Думала, як гэта змагу зрабіць, тым больш, пасля галадоўкі. Падтрымка вельмі патрэбная тым, хто сядзіць.

— Якім чынам людзі на волі могуць дзейсна падтрымліваць арыштаваных?

— Дасылаць паштоўкі і, канешне, газеты — іх чытаеш ад коркі да коркі і хаця б трошкі ўяўляеш, што там на волі адбываецца.

— Як вы сябе адчуваеце пасля 12 дзён галадоўкі?

— Можна сказаць, што яшчэ і зараз у галадоўцы знаходжуся. Бо сёння выпіла грамаў 100 соку, каб падтрымаць сябе, а так пакуль п'ю ваду.

Фізічна галадоўка пераносілася нармальна. Але быў момант: мне перадалі газеты, і я зразумела, што мне цяжка чытаць, не магу сфакусавацца. Я ўвесь дзень ляжала з заплюшчанымі вачыма. А потым мне падалося, быццам усё гэта спынілася, і я быццам сышла...

Калі нас перавезлі ў Жодзіна, то мне дзяўчаты дапамагалі, услых чыталі кніжкі.

— Ці змянілася стаўленне ахоўнікаў да тых, хто сядзіць, у параўнанні з 2010 годам?

— Мне здаецца, нічога не змянілася. Яны як ставіліся да нас як да вар'ятаў, так і зараз ставяцца. Не разумеюць. Медсёстры, якія нас аглядалі, казалі: «Дзяўчаты, чаго вы ходзіце, лепей бы дзяцей нараджалі».

— Дарэчы, а чаго вы ходзіце?

— Гэта мая актыўная пазіцыя. Я не лічу, што трэба сядзець дома. Трэба выказваць свае думкі і сваім прыкладам паказваць, што і астатнім трэба так рабіць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • татьяна
  • 2017-03-28 21:33:04
Спасибо тебе девочка
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: