У Кіеве адбудзецца акцыя салідарнасці са Святаславам Барановічам

16 красавіка ля Галоўпаштамту ў Кіеве пройдзе акцыя салідарнасці са Святаславам Барановічам: рух салідарнасці «Разам» заклікае ўсіх неабыякавых адправіць ліст у падтрымку вязня.
Святаслаў Барановіч. Фота TUT.by

Святаслаў Барановіч. Фота TUT.by

16 красавіка – дзень нараджэння Святаслава Барановіча. Яму спаўняецца 32 гады.

Нагадаем, 12 сакавіка Маскоўскі раёны суд Мінску прызнаў Святаслава Барановіча вінаватым у «гвалце ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных справаў» і прысудзіў да трох гадоў зняволення ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму.

Інцыдэнт, за які пакаралі Барановіча, адбыўся яшчэ год таму ў Мінску, калі Барановіч заступіўся за ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў», якіх затрымлівалі «людзі ў цывільным». Аднаго з міліцыянтаў у цывільным – Арцёма Паўлава – і ўдарыў Барановіч.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінскі камітэт ужо заявілі, што не прызнаюць Барановіча палітзняволеным. А вось удзельнікі форуму «Свабоду палітвязням» заявілі, што адназначна прызнаюць асуджанага палітычным зняволеным.

 


Святаслаў Барановіч нарадзіўся ў 1986 годзе ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці, працаваў будаўніком. Ён удзельнічаў у Плошчы-2010 і трапіў пад крымінальны пераслед у межах справы «аб масавых беспарадках». 12 кастрычніка 2011 года суд Маскоўскага раёну Мінску прысудзіў Барановіча да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Праваабаронцы тады прызналі Барановіча палітвязнем.

Дасылайце віншаванні Святаславу па адрасе:

222160, Мінская вобласць, г. Жодзіна вул.Савецкая, 22-а, СТ-8, Барановічу Святаславу Уладзіміравічу.

 Паводле belsat.eu


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!