У Кіраўскім раёне Магілёўшчыны ўвялі абавязковае нашэнне масак

Кіраўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паведаміў 1 чэрвеня на сваім сайце пра ўвядзенне шэрагу абмежаванняў праз «няўстойлівую сітуацыю» з каронавіруснай інфекцыяй, піша Белсат
Абмежавальныя захады былі прынятыя распараджэннем першага намесніка старшыні Кіраўскага райвыканкаму ад 29 траўня. У прыватнасці, прадугледжана абавязковае выкарыстанне насельніцтвам сродкаў індывідуальнай абароны органаў дыхання (маскі) пры наведванні аб’ектаў і арганізацыяў Кіраўскага раёну: гандлёвыя крамы, банкі, паштовыя аддзяленні і іншыя значныя сацыяльныя абʼекты, а таксама пры перамяшчэнні ў грамадскім транспарце і маршрутных таксі.

«Кіраўнікам субʼектаў гаспадарання будзе забаронена абслугоўванне наведнікаў, якія не выкарыстоўваюць сродкі індывідуальнай абароны органаў дыхання (маскі)», – адзначаюць у мясцовым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Таксама ўведзена абмежаванне на колькасць наведнікаў у гандлёвых абʼектах, абʼектах грамадскага харчавання, аптэках, аддзяленнях банкаў, сувязі, пошты і іншых абʼектах з улікам неабходнасці выканання захадаў сацыяльнага дыстанцыянавання.

Кіраўскі цэнтр гігіены і эпідэямілогіі канстатуе наяўнасць «эпідэміялагічна няўстойлівай сітуацыі па каронавіруснай інфекцыі» і заклікае скараціць кантакты і перамяшчэння, а таксама насіць маскі.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі па дзень 1 чэрвеня зарэгістравана 43 403 выпадкі каронавіруса. 240 пацыентаў з COVID-19 памерлі. Статыстыку па рэгіёнах Мінздароўя ўжо даўно не публікуе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: