У кнізе «Беларускі Данбас» выявілі «прыкметы экстрэмізму»

Пра гэта напісаў у Facebook адзін з аўтараў кнігі Ігар Ільяш. Паводле яго інфармацыі, «экстрэмізм» знайшла Мінская абласная экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі ў сваім заключэнні ад 29 студзеня 2021 года.


Як паведаміў Ільяш, у снежні 2020 года журналіст Раман Васюковіч вяртаўся з Мінска ў Кіева з камандзіроўкі. З сабой ён вёз два асобнікі «Беларускага Данбаса» — адзін для сябе, адзін у падарунак уласна Ільяшу і яго жонцы Кацярыне Андрэевай, якая адначасова ёсць другім аўтарам кнігі. «Бо мы з моманту выдання кнігі ні разу не трымалі яе ў руках», — тлумачыць Ільяш.

На мытні Рамана спынілі і накіравалі на ўзмоцнены дагляд. У выніку канфіскавалі кнігі і ноўтбук. Ноўтбук нядаўна Раману вярнулі, а вось кнігі — не. За іх перавозку на журналіста склалі пратакол па ч.1 арт. 17.11 КаАП («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць»).

Тым не менш, зазначае Ільяш, у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў кніга пакуль што не ўключана.

«Ні мне, ні тым больш Каці ніхто не паведаміў, што “Беларускі Данбас” афіцыйна прызналі шкоднай кнігай. Ужо тым больш ніхто не стаў тлумачыць, дзе там “эксперты” выявілі “экстрэмізм”. Аб заключэнні камісіі стала вядома з пратакола, які быў складзены сёння на журналіста Рамана Васюковіча», — напісаў аўтар «Беларускага Данбасу».

«Ну што тут скажаш? Я амаль не сумняваўся, што рана ці позна “Беларускі Данбас” акажацца пад забаронай у Беларусі. Гэта абсалютна лагічна, бо гаворка ідзе пра нязручную для рэжыму Лукашэнкі праўду. З 2014 па 2020 год міжнародная палітыка афіцыйнага Мінска будавалася на міфе пра нейтралітэт Лукашэнкі, на сцвярджэнні, што Беларусь з’яўляецца “донарам стабільнасці і бяспекі” ў рэгіёне. Хоць у рэальнасці палітыка Лукашэнкі ў дачыненні да канфлікту на Данбасе — гэта адна суцэльная хлусня і ашуканства. Выкрыццю гэтай хлусні і высвятленню сапраўднай ролі Беларусі і беларусаў у гэтым канфлікце і была прысвечана наша кніга», — тлумачыць Ільяш.

На яго думку, нічога экстрэмісцкага ў «Беларускім Данбасе» няма і быць не можа. «Усе гэтыя абвінавачанні — поўнае трызненне. Іншая справа, што зараз у Беларусі любая праўда, любое іншадумства прыраўноўваецца да экстрэмізму. Так што ў гэтым сэнсе ўсё лагічна», — зазначыў ён.

Варта дадаць, што днямі Кацярыну Андрэеву асудзілі на два гады калоніі за тое, што яна выконвала сваю журналісцкую працу. Таксама цікава, што прэзентацыя кнігі ў Беларусі праходзіла ў будынку ўкраінскага пасольства, на мерапрыемстве прысутнічаў пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

Падрабязна пра кнігу «Беларускі Данбас» «Новы Час» расказваў мінулым летам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: