У Кобрыне інваліда аштрафавалі за паведамленне пра шпацыр

Інваліда трэцяй групы з Кобрыну Алеся Краўчука суддзя Ала Богнат аштрафавала на 15 базавых велічынь за паведамленне пра шпацыр у тэлеграм-канале «Кобрын для жыцця».
Алесь Краўчук

Алесь Краўчук

Тэкст гэтага паведамлення “У Кобрыне таксама трэба выходзяць, хоць бы на лавачках пасядзець. Няхай міліцыя не расслабляецца” сілавікі і суддзя палічылі заклікам да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Саракагадовы інжынер-праграміст мясцовай прадзільна-ткацкай фабрыкі “Ручайка” Алесь Краўчук жыве разам з маці-пенсіянеркай – былой доктаркай, якая перанесла цяжкую аперацыю. Пасля складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні мужчына быў затрыманы да суда і дзве ночы правёў у ізалятары часовага ўтрымання Кобрынскага РАУС. Маці спадара Алеся зазначыла, што ўсе падзеі, звязаныя з затрыманнем сына, ягоным закратаваннем і судом. сталі стрэсам для абодвух. “Справа ў тым, што мы людзі законапаслухмяныя і раней ніколі не мелі дачыненняў з сілавікамі і судамі”, — патлумачыла жанчына.

На судзе Алесь Краўчук сваю віну не прызнаў і падкрэсліў, што сваім паведамленнем у сацыяльных сетках акцэнтаваў увагу на каштоўнасць для здароўя шпацыру на вольным паветры. Адвакатка пацярпелага Наталля Піваварава звярнула ўвагу суду на тое, што паведамленне Алеся Краўчука ня можа расцэньвацца як заклік да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Бо ў матэрыялах адміністрацыйнай справы на мужчыну няма аніякіх доказаў таго, што сваім паведамленнем спадар Алесь заклікаў да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, а тым больш да канкрэтных яго відаў — мітынгу ці пікетавання, што яму інкрымінуюцца ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Таксама адвакатка звярнула ўвагу суда на тое, што спадара Краўчука безпадстаўна затрымалі пасля таго, як мужчына адмовіўся даваць тлумачэнні згодна артыкулу 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Бо пры зняволенні Алеся Краўчука ў ІЧУ старшы ўчастковы інспектар, маёр міліцыі Юрый Свідуновіч заявіў грамадзяніну, што каб не слухаў адвакатку, дык пайшоў бы дахаты. 

Таму Наталля Піваварава лічыць закратаванне Алеся Краўчука своеасаблівай формай помсты грамадзяніну за ягоную спробу рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на абарону ў судзе. Прадстаўнікі грамадскасці, якія прысутнічалі на судовым пасяджэнні, звярнулі ўвагу на тое, як суддзя Ала Богнат даволі дэталёва і доўга высвятляла ў абвінавачанага памер ягонай пенсіі па інваліднасці і своечасовасць выплаты гэтай пенсіі дзяржавай. За гэтымі захадамі суддзі чытаўся амаль непрыхаваны падтэкст пра клапатлівую дзяржаву і яе не зусім удзячнага грамадзяніна.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: