У Котаўцы затрымалі двух актывістаў. «За падазроны знешні выгляд»

Вячаслава Касінерава і Змітра Паліенку затрымалі ўчора ўвечары ў скверы Котаўка ў Мінску. 

Пасля таго як яны расклеілі плакаты ў абарону дрэваў, да іх пад’ехала міліцэйская машына. Іх даставілі ў Савецкі РУУС «за падазроны знешні выгляд» і адпусцілі праз дзве гадзіны.

Расклеіць плакаты ў абарону скверу Касінераў, Паліенка і яшчэ адна актывістка спрабавалі яшчэ ў сераду. Але міліцыянты не далі ім гэтага зрабіць.


«Гэта не спыніла нас, як і тое, што высечка спыненая, — сказаў Касінераў Свабодзе. — Бо чыноўнікам мы не давяраем і лічым, што толькі праз самаарганізацыю людзі могуць адстаяць свае правы».

На наступны дзень, учора, яны зноў прыехалі ў Котаўку, павесілі на месцы высечкі некалькі плакатаў і расцяжак. Калі яны сыходзілі са скверу, за імі паехала міліцэйская машына.


«Мы паспрабавалі сысці ў іншы бок, але, відавочна, што нас вырашылі затрымаць, — кажа Касінераў. — Відавочна, міліцыянты нават ня бачылі нашай акцыі, таму што затрыманне адбылося, па іх словах, «за падазроны знешні выгляд».

Дзве гадзіны яны правялі ў Савецкім РУУС, пасля чаго іх адпусцілі.

«Котаўка стала асаблівым аб’ектам, — кажа Касінераў. — Каб чалавека там затрымалі, дастаткова падазрона выглядаць».


На гэтым тыдні ў Котаўцы ўжо спілавалі некалькі дрэваў, дзе мае быць пабудаваны касцёл. Мясцовыя жыхары і актывісты-эколягі лічаць, што высечка праходзіць незаконна. Яны арганізавалі дзяжурствы ў скверы.

У сераду супрацоўнікі рэмаўтадору збілі некалькіх чалавек, якія заміналі секчы дрэвы. У той жа вечар старшыня Мінгарвыканкаму Андрэй Шорац паабяцаў, што пілаванне дрэў у Котаўцы будзе прыпыненае, пакуль ён не разбярэцца ў сітуацыі.

Антон Трафімовіч, Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: