У Курапатах невядомы з кувалдай хацеў разбіць «лаву Клінтана»

Пра гэта «Новаму Часу» паведаміў актывіст Курапацкай варты і старшыня «Маладога Фронту» Дзяніс Урбановіч.
«Лава Клінтана» ў Курапатах. Фота Радыё Свабода

«Лава Клінтана» ў Курапатах. Фота Радыё Свабода

Здарэнне адбылося ўвечары 19 снежня.

«Я так разумею, хацелі "лаву Клінтана" разбамбіць. З намі быў Пятро Рабушкін, у яго была электрычка, і ён на яе пайшоў. Раптам тэлефануе: "Хутчэй ідзіце ў Курапаты, тут нейкі мужык з сякерай і з кувалдай каля "лавы Клінтана". Можа, ён і паспеў ударыць, але там нічога не пашкоджана. Мы прыбеглі, а ён кінуўся з сякерай на самога Пятра, яму давялося да Галгофы адбягаць. Пакуль мы пабеглі, ён праз лес стартануў. Ну мы следам, але не дагналі. Ён пятляў, сляды вывелі да Крыжа Пакут, і там мы не ведаем, ці ён у пераход шмаргануў, ці на стаянку да машыны», — распавёў Дзяніс Урбановіч.

Па яго словах, мужчына пакінуў адбітак кувалды на снезе, куды яе паклаў. Таксама сляды сведчаць, што ён абыходзіў вакол крыжы. 

«Мы падумалі, што ён хацеў разбіць лаву, стрэс з яе снег. Але, дзякуй Богу, там нічога не пашкоджана, мы ўсё праверылі, пасвяцілі ліхтарыкамі», — запэўніў старшыня «Маладога Фронту».

З апісання Пятра Рабушкіна вынікае, што мужчына з кувалдай мае каля 44 гадоў, выглядае «шалёным». Актывісты Курапацкай варты не могуць сцвярджаць, што гэта той жа самы чалавек, які ўчора надрапаў на афіцыйным помніку ў Курапатах зоркі Давіда, але і не выключаюць гэтага.

«Я думаю, раз ён хацеў нешта зрабіць, то ў далейшым такое можа і здарыцца», — мяркуе Дзяніс Урбановіч, маючы на ўвазе пашкоджанне «лавы Клінтана» і іншых помнікаў.

Заўтра раніцай актывісты Курапацкай варты збіраюцца рабіць абыход мемарыялу, шукаць сляды і вырашаць, ці будзе арганізаваная дадатковая варта непасрэдна ва ўрочышчы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: