У Курапатах пройдзе адмысловы Крыжовы шлях і супольная малітва

Як стала вядома svaboda.org, генеральны дырэктар прадпрыемства «Мінскаблдарбуд» Дзяніс Сцяпанаў 1 красавіка накіроўваў ліст шэрагу абаронцаў Курапатаў адносна крыжоў, усталяваных мінулым летам Змітром Дашкевічам і ягонымі паплечнікамі. У тым ліку гэтыя крыжы знеслі 4 красавіка.
Фота Арцёма Лявы

Фота Арцёма Лявы

Лістом — «прэтэнзіяй аб пануканні учыніць дзеянні па дэмантажы драўляных крыжоў» — са Свабодай падзяліўся актывіст Ягор Лаўрухін. У лісце гаворка ідзе толькі пра 13 крыжоў ля дарогі Калодзішчы-Заслаўе, хоць 4 красавіка былі знесеныя больш як 70 крыжоў па перыметры мемарыялу.

Дзяніс Сцяпанаў

Дзяніс Сцяпанаў

Паводле Сцяпанава, крыжы ля дарогі не ўзгаднілі з ягоным ведамствам, а ўстаноўка прывяла да «пашкоджання і загрувашчвання паласы адводу і як вынік да ўзнікнення перашкодаў здзяйсненню права пастаяннага валодання, карыстання і распараджэння КУП „Мінскаблдарбуд“ паласой адводу».

На падставе права валодання паласой Сцяпанаў запатрабаваў у актывістаў, каб яны самі прыбралі крыжы да 19 красавіка. Іначай, пісаў ён, прадпрыемства мае намер звярнуцца ў суд з заявай аб пануканні дэмантаваць крыжы, «што таксама пацягне для вас дадатковыя выдаткі ў выглядзе сумы дзяржаўнага мыту».

Крыжы ў Курапатах пачалі зносіць зранку 4 красавіка — да таго, як адбыўся суд, расказала Свабодзе каардынатарка ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька. Хто прыняў рашэнне пра дэмантаж 70 крыжоў, куды іх вывезлі і што з імі будзе далей невядома. Мінкульт не ведае, што адбываецца ў Курапатах, яшчэ шэраг чыноўнікаў адмовіўся або ўхіліўся ад каментароў.

У час зносу крыжоў у Курапатах прысутнічаў дырэктар Бараўлянскага спецыяльнага лясгасу Аляксандар Мірановіч. Ён адмовіўся тлумачыць сітуацыю не толькі журналістам і актывістам, але і дэпутатцы Палаты прадстаўнікоў Ганне Канапацкай, хоць абавязаны на патрабаванне дэпутаткі прадставіць дакументы на такія работы. Канапацкая вырашыла высветліць у дзяржаўных органаў, ці законныя работы.

Аляксандар Мірановіч (злева) сыходзіць ад журналістаў у Курапатах, 4 красавіка

Аляксандар Мірановіч (злева) сыходзіць ад журналістаў у Курапатах, 4 красавіка

Нагадаем, што сёння ў Курапатах былі затрыманыя каля 15 чалавек, сярод іх Павел Севярынец, Дзяніс Урбановіч, Зміцер Дашкевіч, Філіп Шаўроў, Ніна Багінская, Валер Рабцаў, Валянціна Яроменак, Арцём Кляпец.

Грамадскія актывісты заклікаюць усіх далучыцца да адмысловага Курапацкага крыжовага шляху, які пройдзе а 16-й гадзіне ў Курапатах пройдзе адмысловы Курапацкі Крыжовы шлях. А ў 19 гадзін — мусіць адбыцца супольная малітва вернікаў усіх канфесій. Пра гэта на сваёй старонцы ў фейсбуку напісала жонка затрыманага сёння ў Курапатах Паўла Севярынца Вольга.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: