У Курапатах збіраюцца высаджваць дрэвы (абноўлена)

Пра гэта паведаміў у фэйсбуку сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.
Курапаты з боку Крыжа пакутаў. Ілюстрацыйнае фота

Курапаты з боку Крыжа пакутаў. Ілюстрацыйнае фота

Як заўжды ў сераду, падчас Курапацкай варты БХД, Павел Севярынец прыйшоў у Курапаты і з боку Крыжа Пакутаў убачыў нацягнуты шпагат і мноства выкапаных ямінаў уздоўж яго. Каля месца правядзення прац знаходзілася некалькі супрацоўнікаў Бараўлянскага спецлясгасу, а таксама асобы ў цывільным.



Таксама на месцы прысутнічаў дырэктар Бараўлянскага спецлясгасу Аляксандр Мірановіч.

«Тут вядуцца лесагаспадарчыя працы ў адпаведнасці з дзеючым Лясным кодэксам Рэспублікі Беларусь», — сказаў ён, адмовіўшыся канкрэтызаваць характар прац. 

Супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Кенько, які сачыў за тым, каб раскапаныя яміны не закранулі пахаванні, распавёў, што ва ўрочышчы плануецца «пасадка зялёных насаджэнняў — вербаў і клёнаў».

На заўвагу Паўла Севярынца пра тое, што грамадскасць не папярэдзілі аб маючых адбыцца працах, гісторык сказаў, што ім таксама паведамілі пра гэта толькі ўчора.

Апроч Мірановіча, у Курапатах прысутнічалі супрацоўнікі Бараўлянскага лясніцтва Іосіф Савіцкі (ляснічы) і Віталь Керней (памочнік ляснічага).

Павел Севярынец заклікаў прыехаць у Курапаты назіральнікаў.

Тым часам ва ўрочышча прывезлі саджанцы дрэваў. Іх высаджваюць вельмі блізка адзін да аднаго з боку Крыжа Пакутаў. Як мяркуе Павел Севярынец, гэта робіцца для таго, каб закрыць дрэвамі крыжы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!