У кватэру да Ніны Багінскай уварваўся АМАП

Дачка Ніны Багінскай паведаміла, што ў кватэру, дзе жыве актывістка, уварваўся АМАП. 


Увечары 5 лістапада дачка актывісткі паведаміла праваабаронцам, што ў кватэру, дзе жыве Ніна Багінская, уварваўся АМАП.

Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведамляе “Вясна”.

Каля 19.00 у кватэру Ніны Багінскай уварваліся людзі без апазнавальных знакаў. Яны заявілі, што павінны правесці там следчы эксперымент і што справа датычыць унучкі Ніны Багінскай, якая пражывае разам з ёю.

"Свабода" са спасылкай на суседзяў Ніны Багінскай паведаміла, што спадарыня Ніна выклікала на невядомых людзей міліцыю. Неўзабаве ў кватэру падняліся каля дзясятка людзей у чорнай вопратцы, падобнай да адзення людзей, якія збіваюць удзельнікаў мітынгаў.

Адзін з міліцыянтаў, які прыбыў па выкліку Багінскай, сцвярджае, што яна ўдарыла яго табурэткай.

Па словах суседзяў, у пад’ездзе чуваць сварку ў кватэры Багінскай. Неўзабаве туды павінна прыехаць яе дачка.

Каля дома актывісткі прайшлі затрыманні людзей, якія прыйшлі падтрымаць Багінскую, паведамляе «Еўрарадыё».

Сярод затрыманых у двары — і сын Ніны Багінскай.

Каля дзевяці гадзін вечара вобшук, які адбываўся ў межах крымінальнай справы, у кватэры Ніны Багінскай скончылі.

Паводле інфармацыі ад дачкі Ніны, актывістка не затрымана, яна знаходзіцца дома, паведамляюць праваабаронцы. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: