У кватэры сябра савета руху «За Свабоду» прайшоў ператрус

«З якіх часоў сведак затрымліваюць людзі ў масках? Новы ўзровень», — заявіла сябра руху «За Свабоду»  Вікторыя Таболіч пра сваё затрыманне.



Сябар савета руху «За Свабоду» Вікторыя Таболіч стала сведкай па справе, распачатай паводле арт. 366 КК (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак). Дома ў яе прайшоў вобшук, канфіскаваная тэхніка, паведамляе «Радыё Рацыя» .

Таболіч затрымала аператыўная група, пасля допыту ў Следчым камітэце яе вызвалілі.

«З раніцы прыехалі дадому, ламаліся ў дзверы. Цэлы аўтобус людзей у масках і са зброяй, паклалі ўсіх тварам у падлогу. Санкцыя пракурора на вобшук была ад 1 снежня», — паведаміла БелаПАН Таболіч.

Паводле яе слоў, супрацоўнікі аператыўнай групы з галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС цікавілі толькі камп’ютары і тэлефоны.

«Мне не казалі, у якім я знаходжуся статусе, пасадзілі ў машыну. Доўга не маглі вызначыцца, куды везці, прывезлі ў Следчы камітэт», — адзначыла актывістка. Там, паводле слоў Таболіч, яе ўгаворвалі прайсці тэст на паліграфе, а пасля адмовы адбыўся допыт у следчага. «Я даведалася, што знаходжуся ў статусе сведкі паводле арт. 366», — паведаміла яна.

Вікторыя Таболіч дала падпіску аб невыдаванні. На допыце, паводле яе слоў, цікавіліся ў асноўным грамадскай дзейнасцю.

«Лічу гэта ціскам і спробай запалохаць. З якіх часоў сведак затрымліваюць людзі ў масках? Новы ўзровень», — заявіла Таболіч.

Паводле www.racyja.com

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: