«У лагеры няма тых, хто падтрымлівае Лукашэнку»

Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у рэдакцыю «Новага Часу» патэлефанаваў мужчына. Ён распавёў, што адбывае пакаранне ў калоніі «Віцьба-3», і што ў іх жыццё, у тым ліку палітычнае, віруе не менш, чым тут, на волі. За што суразмоўца рэгулярна трапляе ў ШІЗА.
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Шмат мужчына (яго імя і прозвішча я не называю ў мэтах бяспекі) гаварыць не мог і пакінуў кантакты свайго сябра. Той параіў напісаць зняволенаму ліст, каб даведацца пра сітуацыю з першых вуснаў. Я так і зрабіла, даслаўшы ліст у канверце першага класа, каб можна было сачыць за адпраўленнем. Праз колькі дзён на сайце «Белпошты» я ўбачыла, што ліст у калонію дайшоў, і стала чакаць адказ.

Праходзілі тыдні, а яго ўсё не было. Аднойчы раздаўся тэлефонны званок — жанчына, якая прадставілася Наталляй, паведаміла, што яе муж і сын сядзяць разам з чалавекам, якому я напісала ліст. Ён змог перадаць, што атрымаў маё пасланне, але ад яго карэспандэнцыю не выпускаюць. Таксама суразмоўца сказала, што ўсіх траіх — яе мужа, сына і майго адрасата — зноў кінулі ў ШІЗА, на той момант яны знаходзіліся там ужо два тыдні, і ім працягнулі ўтрыманне яшчэ на 10 сутак. Вязні на знак пратэсту абвясцілі галадоўку. Наталля звярталася і ў Дэпартамент выканання пакаранняў, і ў Генпракуратуру, але ёй прыходзілі адпіскі, што ўсё ў рамках заканадаўства.

«Сын перад тым, як іх змясцілі ў ШІЗА, пазваніў і паведаміў, што да іх перадузятае стаўленне, яны атрымліваюць пагрозы, ім ставяць у віну адмову ад працы. Хаця яны працуюць, але зарплату ім, канечне, не плацяць. Я бачыла іх разлік — летась там, напэўна, рубель быў. Сын сказаў: “Чаму мы павінны працаваць бясплатна?”. Відаць, яны непажаданыя тым, што не маўчаць», — распавяла Наталля.

Яна паведаміла, што яе муж і сын займелі праблемы са здароўем: сын страціў слых, з’явілася грыжа ў спіне, у мужа — язва і артроз.

«Я так разумею, што скаргі на здароўе таксама расцэньваюцца імі (адміністрацыяй. — «НЧ») як нежаданне працаваць», — дадае Наталля.

Жанчына звярталася ва ўсе магчымыя інстанцыі, каб вырашыць пытанне з працоўнымі адносінамі зняволеных у калоніі.

«Прыйшлі адпіскі, што заработная плата 25 %, здзельна-прэміяльная аплата, але насамрэч нічога там не аплачваецца. Муж сказаў, няма таго, што пішуць. Я не ведаю, што сказаць, гэта такая сістэма, якую немагчыма на дадзены момант змяніць», — гаворыць Наталля.

Пазней яна паведаміла, што муж выйшаў з ШІЗА, а сына пакінулі ў ізалятары на 40-я суткі.

«Муж расказваў, якія там умовы ўтрымання. Чатыры вугалкі звараныя, дошкі зверху, вельмі холадна. Ён там не спаў, даводзілася адціскацца па чатыры разы за ноч, каб сагрэцца. Цяпер стала холадна (на вуліцы. — «НЧ»), перажываю за сына, званка няма. Я напісала начальніку ПК, што прашу растлумачыць адсутнасць званкоў ад маіх родных, і літаральна ў той жа дзень муж патэлефанаваў мне, а потым нават дазволілі скайп-званок».

Стачка ў калоніі скончылася ШІЗА і ПКТ

26 кастрычніка з калоніі «Віцьба-3» выйшаў беларускі добраахвотнік на Данбасе Тарас Аватараў. Ён распавёў, што знаёмы з чалавекам, якому я даслала ліст, па стачкаму «Віцьбы-3». Так, аказваецца, калі ў жніўні пасля выбараў на беларускіх прадпрыемствах паўставалі стачкамы і ладзіліся страйкі, тое ж самае адбывалася і ў зняволенні!

«Яго ліхтугі на “Віцьбе” пачаліся з перадвыбарчай кампаніі. Бо яны сабралі немалую кампанію аднадумцаў, упэўненых у тым, што ў гэты раз Лукашэнка не ўтрымаецца ў сядле, — распавядае Тарас Аватараў. — Мы (стачкам) сфармавалі афіцыйны запыт-апавяшчэнне адміністрацыі аб пачатку забастоўкі па сацыяльна-працоўных пытаннях (бо першая палітычная стачка не прайшла) і праз два тыдні пачалі стачку. У выніку практычна ўвесь стачкам сышоў у ШІЗА і ПКТ».

Па яго словах, у ПКТ (памяшканне камернага тыпу) без рашэння суда быў змешчаны нават чалавек, які не меў ніводнага парушэння рэжыму.

Тарас Аватараў сцвярджае, што «ў лагеры няма тых, хто падтрымлівае Лукашэнку. А супрацоўнікі адміністрацыі вымушаны ездзіць на праўладныя мітынгі і разгоны.

Тыя ж самыя ВВшнікі (байцы ўнутраных войскаў. — «НЧ»), якія ахоўваюць, заяўляюць адкрыта, каб хутчэй яго ўжо скінулі. Таму ў лагеры абстаноўка, напэўна, таксама абвостраная, як у Каменнай горцы ці Фрунзенскім раёне Мінска ў цэлым».

Што да працы зняволеных, Тарас, які працаваў на швейнай вытворчасці і, у прыватнасці, рабіў супрацькавідныя касцюмы, зазначае, што за апошнія тры месяцы ён зарабіў у калоніі не больш за рубель (разлік ён так і не атрымаў, хаця павінен быў атрымаць цягам 3 сутак па вызваленні), у той час як на кожнага асуджанага ў месяц закрываецца каля 400 рублёў зарплаты.

Але куды ідуць гэтыя грошы, калі зняволеныя іх не бачаць?

«У Крымінальна-выканаўчым кодэксе і больш падрабязна ў падручніках па крымінальна-выканаўчым праве распісваецца парадак вылічэння з зарплаты. Спачатку ідзе падаходны падатак і ўнёсак у ФСАН (13 %). Потым спаганяюцца аліменты (з тых, у каго дзяцей забралі ў дзетдом), потым вылічваюцца выдаткі на камунальныя плацяжы і харчаванне. У свой час на піку пандэміі я меў нядрэнную зарплату па маштабах калоніі ў 25 рублёў, гэта пры ўліку маёй асабістай выпрацоўкі больш чым на 190 рублёў. Бо “за камуналку” нават у летнія месяцы вылічвалі парадку 137 рублёў. Хоць напачатку года сума гэтых плацяжоў не перавышала 107—110 рублёў. Такім чынам, 190 рублёў - 137 рублёў = 25 рублёў. Дзесьці такiя вылiчэннi ў вельмі добры месяц, калі і ты робіш шмат, і ўся вытворчасць робіць шмат. Калі вытворчасць робіць мала, лічы, што твая здзелка будзе дзяліцца яшчэ як мінімум на трох аліментнікаў у цэху, дзеці якіх жывуць у дзяржавы», — тлумачыць Тарас.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Шмат магчымасцяў зрабіць так, каб вонкава ўсё выглядала законна»

Праваабаронца Васіль Завадскі зазначае, што заканадаўства прадугледжвае магчымасць прыцягнення зняволеных да неаплачвальных работ толькі па калектыўным самаабслугоўванні (у тым ліку па прыборцы і добраўпарадкаванні папраўчых устаноў і прылеглых да іх тэрыторый), і працягласць такіх работ не павінна перавышаць 14 гадзін у тыдзень (артыкул 101 Крымінальна-выканаўчага кодэкса).

— Гэта вельмі шмат, канечне. Па вялікім рахунку, гэта рабская праца, але гэта прапісана на сённяшні дзень у законе, — каментуе праваабаронца. — За ўсю астатнюю працу — і гэта прапісана ў папярэднім, сотым артыкуле КВК, — зняволены мае права атрымліваць заробак у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Васіль Завадскі дадае, што, паводле Крымінальна-выканаўчага кодэкса, адмова ад працы лічыцца злосным парушэннем рэжыму ўтрымання. А даказаць, што зняволены адмаўляецца ад працы з той прычыны, што яму не плацяць, вельмі складана.

— Вельмі проста — і гэта ўсюды робіцца — заплаціць зняволенаму 20 капеек і сказаць, што яму плацяць. На жаль, у адміністрацыі шмат магчымасцяў зрабіць так, каб вонкава ўсё выглядала нібыта законна. Гэта распаўсюджаная практыка, і тут вялікая праца для нас, праваабаронцаў. Гэтую сітуацыю, безумоўна, трэба мяняць. Бо рэсацыялізацыя зняволеных павінна перш за ўсё адбывацца праз працу, каб, выйшаўшы на волю, яны ішлі зарабляць, а не красці. А такія падыходы, наадварот, дэматывуюць.

Што да спробы стачак у калоніі, Васіль Завадскі не мае пацверджання такіх звестак, але з неафіцыйных крыніц такія чуткі даходзілі.

Але з улікам таго, што пенітэнцыярная сістэма Беларусі фактычна цалкам закрытая, то ёсць усе падставы меркаваць аб тым, што і за кратамі адбываецца змаганне. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: