У Літве пачалі крымінальную справу за гвалт з боку беларускіх міліцыянтаў

У Літве паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі пачалі крымінальную справу па катаваннях, учыненых беларускімі сілавікамі. Пацярпелым па справе праходзіць маладзечанец Віталь Алейнік, які працуе ў Мінску. Менавіта ў сталіцы яго затрымалі 23 верасня — у дзень, калі адбылася таемная інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, што выклікала масавыя акцыі пратэсту, піша «Еўрарадыё».
Віталь Алейнік, фота «Еўрарадыё»

Віталь Алейнік, фота «Еўрарадыё»

Мужчыну затрымалі на вуліцы Леніна каля кавярні «Дранікі» невядомыя людзі ў аліўкавай форме. Яму заламалі рукі, начапілі сцяжкі і пасадзілі ў машыну. 25 верасня яму прысудзілі 15 сутак.

Арышт ён адбываў у жодзінскай турме, дзе яго збілі дубінкай. Пасля выхаду на волю Алейнік зняў пабоі ў адным з медцэнтраў.

Маладзечанец абскарджваў свой прысуд у Беларусі, дайшоўшы да Вярхоўнага суда. Ён заявіў адвод усяму складу суда і нагадаў пра Нюрнбергскі трыбунал.
Спярша Алейніку адмовілі ў тым, каб пачаць крымінальную справу па факце гвалту супраць яго ў жодзінскай турме. Аднак маладзечанец дамогся, каб Мінская абласная пракуратура адмяніла гэтую пастанову — справа была адпраўленая на дадатковую праверку. Каманда Алейніка патрабуе прыцягнуць да адказнасці тых, хто адмовіўся адразу пачынаць справу.

Раней паведамлялася, што ў Літве пададзеныя пяць спраў супраць беларускіх сілавікоў па ўніверсальнай юрысдыкцыі, а ў Польшчы рыхтуецца яшчэ 11. Найбольшую вядомасць атрымала справа ўладальніка кветкавай крамы Максіма Харошына, збітага пасля затрымання так, што яму спатрэбілася шпіталізацыя.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: