У Магілёўскі гарвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне масавага мерапрыемства на Дзень Волі

У Магілёўскі гарвыканкам 1 сакавіка 2021 года па пошце адпраўленая заяўка аб правядзенні на Дзень Волі 25 сакавіка мітынгу з патрабаваннем палітычных правоў і свабод, вызвалення палітвязняў, а таксама зняцця забарон і абмежаванняў на выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга.


Апавяшчэнне аб правядзенні мітынгу гарадскім уладам накіравана за подпісам рабочага аднаго з магілёўскіх заводаў, піша 6tv.by. Ён мяркуе, што ў акцыі возьмуць удзел да 900 чалавек, якія збяруцца ў адным месцы, адведзеным для масавых мерапрыемстваў, якія арганізаваныя не ўладай, — на стадыёне па вуліцы Чалюскінцаў, 64-в.

Фінансаванне акцыі заяўлена за кошт сродкаў арганізатара і ахвяраванняў сябраў Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП). «Падчас правядзення масавага мерапрыемства плануецца выкарыстанне транспарантаў і лозунгаў. Выкарыстанне транспартных, піратэхнічных сродкаў падчас правядзення масавага мерапрыемства не плануецца», — гаворыцца ў паведамленні.

«Ахова грамадскага парадку, медыцынскае абслугоўванне пры правядзенні масавага мерапрыемства, прыборка тэрыторыі будуць арганізаваныя ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам паводле дамовы. Пры гэтым я як арганізатар абавязваюся зрабіць не пазней за 10 дзён пасля правядзення масавага мерапрыемства аплату фактычных выдаткаў на гэтыя мэты», — абяцае заяўнік.

Згодна з заканадаўствам, мясцовы орган улады павінен разгледзець заяву і не пазней чым за пяць дзён да даты правядзення масавага мерапрыемства ў пісьмовай форме паведаміць яго арганізатару аб прынятым рашэнні — дазваляць або не дазваляць акцыю.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: