У Магілёве разгледзяць пытанне аб памятнай дошцы антырасейскаму паўстанню 1661 года

Магілёвец Антон Касцоў сабраў 104 подпісы пад электроннай петыцыяй аб увекавечанні памяці паўстання жыхароў горада супраць расейскіх стралкоў у 1661 годзе. На яе адказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч.


«Для вырашэння пытання па ўсталёўцы дошкі, прысвечанай дадзенай гістарычнай падзеі, ўпраўленнем культуры Магілёўскага аблвыканкама даручана ўпраўленню культуры гарвыканкама разгледзець вашу прапанову на чарговым паседжанні тапанімічнай камісіі», – заявіў Кунцэвіч ў лісце Касцову.



 У жніўні 1654 года, падчас вайны распачатай Маскоўскім княствам супраць Вялікага Княства Літоўскага, царскія войскі падышлі да сцен горада Магілёва. Магілёў не стаў супраціўляцца і 25 жніўня адкрыў вароты горада захопнікам.

Пасля шасцігадовай акупацыі, якая суправаджалася рабаваннем, забойствамі і здзекамі, цярпенне гараджан скончылася. У ноч з 31 студзеня на 1 лютага 1661 года, па сакрэтным указанні магістрата, жыхары Магілёва, у чыіх дамах жылі маскоўскія стральцы, выкруцілі крамені з іх стрэльбаў, і дасталі сваю зброю са схованак. Раніцай 1 лютага магістрат і ганаровыя грамадзяне сабраліся ў Ратушы, з сабой яны прынеслі зброю, якую схавалі пад адзеннем, і сталі чакаць сігналу да пачатку паўстання. Яго падаў бурмістр Язэп Левановіч словамі “Пара! Пара!”. Праз тры гадзіны сямітысячны маскоўскі гарнізон быў амаль увесь знішчаны. Уцячы ўдалося толькі тром маскавітам.

Пасля гэтага Магілёў атрымаў прывілей, які ўраўняў яго са сталіцай ВКЛ Вільняй. Акрамя таго, горад атрымаў новы герб, які выкарыстоўваецца да гэтага часу.

mspring.online

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!