На пікетах БХД збіраюць подпісы супраць неэкалагічных свінакомплексаў (фота)

У Маладзечанскім раёне на пікетах БХД збіраюць подпісы супраць неэкалагічных свінакомплексаў (фота)У аграгарадках Палачаны і Беразінскае на пікетах ў падтрымку прамоўцы БХД Паўла Пракаповіча таксама збіралі подпісы супраць будаўніцтва свінакомплекса ў Палачанах.


Свінакомплекс будуецца са шматлікімі парушэннямі, у абыход экалагічных нормаў. У прыватнасці, незалежныя эколагі адзначаюць недастатковую колькасць лагунаў для збору адходаў і зямель для ўтылізацыі, скарачэнне ахоўных зонаў вакол свінакомплексу, непразрыстасць дадзеных, прадстаўленых інвестарамі, і іншыя парушэнні. Пад пагрозай забруджвання ад дзейнасці трох свінагадоўчых комплексаў на 100 тыс. галоў кожны знаходзяцца тэрыторыі Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў. Толькі вакол Палачанаў у радыусе свінакомплекса будзе знаходзіцца сем вёсак, дзе пражываюць 1500 жыхароў, у тым ліку 300 дзяцей і 400 пенсіянераў.

Некалькі месяцаў таму мясцовыя жыхары сабралі больш за 600 подпісаў пад калектыўным зваротам у Адміністрацыю прэзідэнта, але ніякай увагі на людзей той не звярнуў. Замест таго, каб разабрацца ў праблеме, зварот людзей перанакіравалі чыноўнікам Маладзечанскага райвыканкаму, якія не прыдумалі нічога лепшага за правядзенне «адзінага дня інфармавання» — мерапрыемства на дзве гадзіны, падчас якога чыноўнікі і інвестары не адказалі па сутнасці ні на адно пытанне мясцовых жыхароў, і, хаця не далі выказацца ўсім жадаючым, паказалі каляровыя слайды будучага комплексу і падрабязна выказаліся самі.

«Калі бачыш людзей узрушаных, у роспачы, якія хвалююцца аб тым, якую ваду будуць піць і якім паветрам дыхаць, а іх нахабна перапыняюць, падвышаюць голас і ставяцца як да жывёлаў, міжволі задумваешся, колькі яшчэ пратрымаецца гэтая наскрозь прагнілая бязбожная ўлада ў Беларусі? Адказныя міжнародныя інвестары натуральна стараюцца пазбягаць працаваць ва ўмовах дыктатур, калі няма ніякіх гарантыяў для замежнага капіталу. У эканоміцы Беларусі зялёнае святло для рознага роду прайдзісветаў, якім абыякавае здароўе беларусаў і стан навакольнага асяроддзя, якія шляхам "узгадненняў" плодзяць хабарнікаў сярод рэжымных чыноўнікаў, а тыя ў сваю чаргу мараць у далейшым "аджаць" паспяховы бізнэс. Па выніках гэтай бруднай валтузні чыноўнікаў і бізнэсоўцаў у пройгрышы застаюцца беларусы, наша здароўе і прырода нашай краіны», — заявіў Павел Пракаповіч.


Паводле bchd.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: